wd wp Пошук:

Андрафагі

Андрафагі на мапе «Мір Герадота»

Андрафагі (стар.-грэч.: Ἀνδροφάγοι, «якія ядуць мужчын») — назва народа, замацаваная старажытнагрэчаскімі гісторыкамі і географамі за плямёнамі, якія насялялі ў сярэдзіне I-га тыс. да н.э. лясную зону Усходняй Еўропы, магчыма у т.л. і тэрыторыю сучаснай Беларусі.

Андрафагі пяць разоў узгадваюцца ў 4-й кнізе «Гісторыі» Герадота, калі той апісвае паўночную мяжу Скіфіі і вайну скіфаў з Персіяй. Андрафагі Герадота гэта «самы верхні» (паўночны) народ, што мае «дзікунскія норавы» і «не прызнае праўды і не мае ніякіх законаў», вядзе вандроўнае жыццё, носіць вопратку, падобную на скіфскую, але мае асобную мову. Герадот цвердзіць, што андрафагі — адзінае племя з «верхніх», дзе ядуць людзей.

Гістарыяграфія

Спробы лакалізацыі андрафагаў пачаліся з XIX ст., калі археолагі спрабавалі знайсці ў куханных адкідах чалавечыя косткі з абламанымі эпіфізамі. Але даследаванні XX ст. засведчылі наогул шырокае распаўсюджанне канібалізму ў жалезным веку. Таму далейшыя спробы лакалізацыі вяліся на аснове геаграфічных звестак Герадота.

На думку гісторыка У. Дз. Блавацкага, паўночная мяжа Скіфіі праходзіла прыкладна праз Гомель і Рэчыцу, а землі андрафагаў знаходзіліся ў межах сучаснай Беларусі, таму што р. Бярэзіна ў старажытнасці лічылася вытокам р. Дняпро.

Акадэмік Б. А. Рыбакоў лакалізаваў андрафагаў у арэале днепра-дзвінскай культуры, на Смаленшчыне, археолаг Б. А. Шрамко — у басейне р. Сулы, А. І. Цераножкін — у арэале мілаградскай культуры, М. І. Артамонаў — у басейне р. Росі (Украіна), Б. М. Грэкаў — у ніжнім цячэнні Дняпра, А. П. Смірноў — у стэпавай зоне ніжняга цячэння Дняпра.

С. Я. Рассадзін размяшчае андрафагаў таксама ў арэале днепра-дзвінскай культуры ранняга жалезнага века (VIII ст. да н.э. — V ст.), але на Міншчыне, мяркуючы, што ніжнія пласты лабенскай археалагічнай культуры пазбаўлены скіфскага ўплыву ў адрозненне ад смаленскага варыянту, і што запіс Герадота аб «верхнім народзе» на Барысфене не можа адназначна адносіцца да вытокаў Дняпра, таму што на думку пецярбургскага даследчыка Б. А. Булкіным, з якім згодны Рассадзін, антычныя аўтары лічылі вытокам Барысфена і Беразіну, і нават Свіслач. Таксама, на думку Рассадзіна, з андрафагамі магчыма атаясаміць «амадокаў», вядомых Пталемею.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Гісторыя Беларусі
Катэгорыя·Народы ў грэчаскай міфалогіі
Катэгорыя·Канібалізм
Катэгорыя·Старажытныя народы