wd wp Пошук:

Аляны

Аля́ны[1] (трансліт.: Aliany, руск.: Оляны) — вёска ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Барунскага сельсавета.

Гісторыя

Аляны, сядзіба Важынскіх, мал. 1896

У 1782 годзе тут, ва ўладанні ашмянскай суддзёўны Важынскай, была «ўзнесена» капліца, але праз паўстагоддзя яна ўжо не дзейнічала.

Калі пасля падаўлення паўстання 1831 г. пан Парфірый Важынскі быў сасланы ў Сібір, ён даў зарок пабудаваць, а дакладней — адрадзіць, у сваім маёнтку капліцу, калі вернецца на радзіму. Адбылося гэта толькі праз 25 гадоў, але абяцанне сваё пан Важынскі выканаў. Так на мясцовых могілках з’явілася каменная капліца ў стылі класіцызм. У алянскім палацы Важынскіх здаўна знаходзілася копія абраза Маці Божай Барунскай, па легендзе, калі царскія ўлады вырашылі зачыніць барунскі кляштар, Важынскія замянілі арыгінал на копію. У 1926 г. абраз быў вернуты ў касцёл, у 1927 г. рэстаўрыраваны віленскай мастачкай Г. Шрамоўнай.

Капліца спачатку была прыпісана да ашмянскай парафіі, але пасля паўстання 1863 г. яна была зачынена і пакінута. «За польскім часам» капліца адрадзілася і належала да барунскай парафіі. Зараз яна знаходзіцца ў зруйнаваным стане.

Славутасці

Капліца ўзведзена з бутавага каменю з атынкаванымі ўстаўкамі з цэглы. Уяўляе сабою атынкаваны знутры зальны аб’ём са слаба выяўленым трансептам, яго тарцы — як галоўны, так і алтарны фасады — завяршаліся трохвугольнымі франтонамі. Кампазіцыю капліцы ўвенчвала, магчыма, толькі сігнатурка. Пад капліцай зроблены склеп-пахавальня.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Артыкулы пра населеныя пункты Беларусі, створаныя аўтаматычна
Населеныя пункты паводле алфавіта
Населеныя пункты Ашмянскага раёна
Барунскі сельсавет (Ашмянскі раён)