Аляксей Валабуеў (нар. 13 чэрвеня 1981; Рось, Гродзенская вобласць, БССР) — грамадскі актывіст, рэдактар газеты «Свабодны Салігорск».
Нарадзіўся 13 чэрвеня 1981 года ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці[1].
У 2003 годзе скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаўшы прафесію інжынера-будаўніка па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». У жніўні 2003 года размеркаваны ў Салігорск у будаўнічую арганізацыю, дзе працуе інжынерам да цяперашняга часу.
Беспартыйны. З’яўляецца членам Рэспубліканскага Праваабарончага Грамадскага Аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», член «Маладога Фронту». Удзельнік «Школы правоў чалавека», заснаванай праваабарончым цэнтрам «Вясна» і міжнародным аб’яднаннем «Грамадзянская Беларусь», і іншых грамадскіх адукацыйных праграм.
Удзельнік вулічных выступаў 2004—2009 гадоў у Мінску і Салігорску, неаднаразова затрымліваўся міліцыяй і атрымліваў адміністрацыйныя пакаранні за актыўную грамадзянскую пазіцыю[2][3][4][5][6][7].
Падчас перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі 2006 года з’яўляўся членам ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Стала прымае ўдзел у выбарчых кампаніях у якасці назіральніка ад БХК (выбарчыя кампаніі 2004, 2006, 2007 гадоў). Прымаў удзел у выбарчай кампаніі 2007 года ў мясцовыя саветы, аднак не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата[8].
Адзін з заснавальнікаў і рэдактар газеты «Свабодны Салігорск». Сталы ўдзельнік журы конкурса малюнкаў крэйдай на асфальце ў Салігорску[9][10][11], які праводзіцца з нагоды прыняцця «Дэкларыцыі аб незалежнасці» 27 ліпеня 1990 года.
Удзельнік і адзін з арганізатараў грамадскай кампаніі «МТС па-беларуску»[12][13] і «Беларускую кнігу — дзецям»[14][15].
Ініцыятар гарадскога грамадскага маніторынгу ў Салігорску па стане даступнасці аб’ектаў грамадскага і жыллёвага прызначэння для асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Маніторынг праводзіў у красавіку — жніўні гэтага года Беларускі Хельсінкскі камітэт з удзелам прадстаўнікоў салігорскага філіяла «Маладога фронту»[16][17].
Быў кандыдатам па 13-й выбарчай акрузе г. Салігорска на мясцовых выбарах у красавіку 2010 года[18][19]. Згодна з афіцыйнымі вынікамі, атрымаў 28% галасоў выбаршчыкаў[20].
6 ліпеня 2010 года ініцыяваў кампанію «Еўрапейская адукацыя». Асноўнай мэтай з’яўлялася далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу[21]. У межах кампаніі былі накіраваны звароты ў Палату прадстаўнікоў[22]. 23 ліпеня 2010 года старшыня камісіі Палаты Прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навукова-тэхнічным прагрэсе, спадар Здановіч, спаслаўся на тое, што далучэнне да Балонскага працэсу з’яўляецца кампетэнцыяй урада, а не парламента. У цяперашні час завяршаецца работа над Кодэксам аб адукацыі, сцвярджалася ў адказе. У кодэксе маюць быць урэгуляваныя ўзнятыя кампаніяй пытанні. Як паведамілі ў Савеце Міністраў, зварот накіраваны на разгляд у Міністэрства адукацыі, якое дасць больш канкрэтны адказ[22].
24 ліпеня 2010 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру адукацыі пачаць працэдуру далучэння Беларусі да Балонскага працэсу[23].
Адзін з ініцыятараў кампаніі супраць вырубкі ляснога масіву «Абаронім лес» у Салігорску, якая пачалася ў 2010 годзе[24]. У межах ініцыятывы падпісаў адкрыты ліст да кіраўніцтва горада разам з іншымі вядомымі асобамі[25]. Прымаў удзел у зборы подпісаў, за што быў аштрафаваны Салігорскім раённым судом, які палічыў гэта ўдзелам у несанкцыянаванай акцыі[26]. Кампанія завяршылася частковай зменай планаў мясцовай улады на карысць патрабаванняў прадстаўнікоў грамадскасці[27].