wd wp Пошук:

Аляксандр Аляксандравіч Даброцін

Аляксандр Аляксандравіч Даброцін (20 снежня 1904 — 15 лістапада 1985) — савецкі акцёр, рэжысёр і педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР (1958)

Біяграфія

Нарадзіўся ў Яраслаўлі (Расія). Захапленне тэатрам пачалося яшчэ падчас вучобы ў гімназіі. З 1918 г. займаўся ў Пралетарскай драматычнай студыі пры Яраслаўскім драматычным тэатры, якую ў 1919 г. узначальваў будучы заснавальнік, мастацкі кіраўнік і дырэктар Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР У. Кумельскі. Дэбютаваў у спектаклі «Выгнаннікі» Ю. Тарыча. У 1925 г. закончыў студыю камернага драматычнага мастацтва ў Ленінградзе. Аляксандр Даброцін працаваў акцёрам у тэатрах Ленінграда, Ташкента, Душанбэ і іншых гарадоў. З 1939 г. займаўся таксама рэжысурай. Узначальваў тэатры ў Мурманску, Ніжнім Ноўгарадзе, Уладзівастоку, Курску, Варонежы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам франтавой брыгады, якая давала канцэрты на франтах Карэльскага і Варонежскага напрамкаў, а таксама ў тылавых шпіталях і гарнізонах.

У 1966—1968 гг. А. Даброцін працаваў галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР імя М. Горкага. На яго сцэне ён дэбютаваў у якасці акцёра ў спектаклі «Шостага ліпеня» М. Шатрова (1966), дзе з поспехам выканаў ролю У. І. Леніна. Крытыка высока ацаніла ігру А. Даброціна, адзначыўшы, што акцёрам удала схоплены асобныя ленінскія рысы — кіпучая энергія, імклівасць, уменне хутка ўспрымаць, ацэньваць акалічнасці і неадкладна прымаць рашэнні.

Зацікавіў гледача спектакль «Падарожнік без багажу» Ж. Ануя, пастаўлены рэжысёрам у 1969 г. Ён пашырыў рэпертуарныя межы тэатра, дапамог раскрыццю рэжысёрскіх і акцёрскіх індывідуальнасцей. Акцёры атрымалі магчымасць паспрабаваць свае сілы на новым і цікавым драматургічным матэрыяле, а гледачы — пазнаёміцца з некаторымі бакамі жыцця французскага грамадства.

Аляксандр Даброцін ажыццявіў пастаноўкі спектакляў «Любоў Яравая[ru]» К. Транёва[ru] (1967), «Захавай май тайну» В. Сабко і «Дурнічка[es]» Лопэ дэ Вэгі (абодва 1968), «Ворагі[ru]» М. Горкага (1970). Ён быў кіраўніком пастаноўкі «Вяселле на ўсю Еўропу» А. Арканава і Р. Горына (1966, рэжысёр Ю. Арынянскі). У сваіх спектаклях рэжысёр дабіваўся ад акцёраў дакладнасці сацыяльных і псіхалагічных характарыстык персанажаў, пераканаўчага раскрыцця сутнасці вобразаў.

У рэжысёрскай дзейнасці А. Даброцін імкнуўся да спалучэння сцэнічнай задумы і ўвасаблення п’есы з яе жыццёвым грунтам і аўтарскай воляй, да суладдзя тэатральнай існасці з натуральнай прыродай чалавечага існавання. Звычайна сваю творчую ідэю ў спектаклі вырашаў праз выканаўцаў, разам з тым рабіў выразныя метафарычныя акцэнты, звяртаўся да сімвалічнай пантамімы ў сцэнаграфіі. Карыстаўся прыёмамі агітацыйна-плакатнага мастацтва, часам з некаторымі прыкметамі сацыялагізму. Для мастацтва А. Даброціна характэрны высокая грамадзянскасць, дакладнасць задумы, нястомны пошук новых выразных сродкаў.

У 1971—1975 гадах Аляксандр Даброцін выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З выпускным курсам паставіў разам з Т. Аляксеевай спектакль «Горад на світанні» А. Арбузава. У 1975—1982 гг. выкладаў у Мінскім інстытуце культуры. З’яўляецца аўтарам мемуараў, якія часткова надрукаваны ў часопісу «Нёман», 1983, № 6.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1946 года.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Тэатральныя педагогі XX стагоддзя
Катэгорыя·Нарадзіліся 20 снежня
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Катэгорыя·Памерлі 15 лістапада
Катэгорыя·Тэатральныя рэжысёры СССР
Катэгорыя·Тэатральныя педагогі СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кінематаграфісты без IMDb
Катэгорыя·Постаці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Артыкулы пра тэатральных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Яраслаўлі
Катэгорыя·Тэатральныя рэжысёры XX стагоддзя
Катэгорыя·Члены Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Акцёры тэатра СССР
Катэгорыя·Заслужаныя дзеячы мастацтваў РСФСР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1904 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1985 годзе