Адыча́ (руск.: Адыча́[2], якуцк.: Адыаччы) — рака ў Азіяцкай частцы Расіі, ва Усходняй Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток ракі Яна (басейн мора Лапцевых). У верхнім цячэнні мае назву Баронг (руск.: Боронг)[1].
Даўжыня ракі 715 км. Плошча вадазбору 89 800 км². Сярэдні расход вады каля 500[2] м³/с. Выток ракі знаходзіцца на вышыні 1815[1] м на паўднёвых схілах хрыбта Баронг[1] (сістэма хрыбта Чэрскага). У верхнім цячэнні рака мае горны характар. Прыкладна за 270 км ад вусця выходзіць на Талабахскую ўпадзіну і набывае раўнінны характар, у ніжнім цячэнні прарываецца праз горны масіў Кісілях. Упадае ў Яну двума рукавамі. Жыўленне ракі снегавое і дажджавое. Замярзае ў кастрычніку, вызваляецца ад лёду ў маі. У басейне Адычы больш за 4600 азёр і 19 000 вадатокаў, у т. л. 78 прытокаў даўжынёй больш за 10 км[1]. Рака суднаходная на адлегласці 223 км ад вусця[3].
Сярод прытокаў: Ненкат, Тангахчан, Сулакаг, Бургалі, Быінджа, Дарпір, Найгу, Эленджа, Ардылкан, Бурхат, Белка, Сентачан, Мэгэн-Ага, Нэлгэсэ (Нельгехе), Чырокы, Ёркёлю, Юёсээ-Бэлэхчээн, Буурдаах, Нэмніэ, Кэрбэнг, Ытаргалаах, Арыктаах, Бугутах, Туастаах, Кыра і іншыя рэкі і ручаі[3].