wd wp Пошук:

Агульная ўсходнеславянская мова

Астрамірава Евангелле (11 ст.)

Агульная ўсходнеславянская мова, старажытнаруская мова або праруская мова — мова свецкай пісьменнасці, агульная для ўсіх усходніх славян у 10—14 ст., пасля распаду якой узніклі тры ўсходнеславянскія літаратурныя мовы (стараруская, старабеларуская, стараўкраінская).

Пастулат існавання такой мовы традыцыйны для мовазнаўства, асабліва расійскага і позне-савецкага[2]. Тэрмін «агульная ўсходнеславянская» дзеля пазбягання неадназначнасцей быў прапанаваны М. І. Талстым.[3]

Некаторыя аўтары, асабліва ў расійскай і пазнейшай савецкай навуковых школах, распаўсюджвалі канцэпцыю агульнай усходнеславянскай мовы на ўзровень гутарковай мовы, агульнай для ўсіх усходніх славян, якая аформілася каля 8—9 ст.[4] і працягвала існаваць як дастаткова аднародная з’ява найпазней да 13 ст.[5]

Апроч таго, тэрміны «старажытнаруская мова» (руск.: древнерусский язык; як сінонім агульнай усходнеславянскай) і «стараруская мова» (руск.: старорусский язык; як вынік распаду агульнай усходнеславянскай), былі практычна злітыя разам савецкімі і расійскімі навукоўцамі пасля выдання акадэмічнага «Слоўніка рускай мовы 11—17 ст.» (руск.: «Словарь русского языка 11—17 вв.»; пад рэд. С. Г. Бархударава)[3].

Іншыя аўтары[6], падтрымліваючы канцэпцыю агульнай усходнеславянскай мовы ў перыяд да 14 ст., уводзяць канцэпцыю яе распаду ў 14 ст. не на тры, а на дзве літаратурныя мовы, «русінскую» (Ruthenian) і «старарускую» (Old Russian), а гутарковыя мовы на беларускіх і украінскіх землях лічаць некансалідаваным мноствам дыялектаў да канца 18 — 19 ст.

Крытыка

Таксама існуе школа думкі, якая адкідае канцэпцыю існавання гутарковай агульнай усходнеславянскай мовы, і, як вынік, канцэпцыю агульнай літаратурнай мовы[7]. Тут, пры разглядзе канцэпцый прота-моў заходніх, усходніх і паўднёвых славян, сцвярджаецца, што «…няма навуковай патрэбы ва ўвядзенні такой канцэпцыі»[8], а гутарковы варыянт беларускай мовы ў Сярэднявеччы разглядаецца як выведзены непасрэдна са славянскіх племянных дыялектаў, утвораных пасля распаду протаславянскай мовы. Такія аўтары адзначаюць, што фанетычныя і марфалагічныя адметнасці, агульныя для ўсходнеславянскіх моў, і якіх няма ў іншых славянскіх мовах, занадта малалікія, і нават могуць паходзіць адразу з протаславянскай мовы. Таксама адзначаецца, што сучасная беларуская мова ўтрымлівае шмат протаславянскіх рыс, якіх няма ў рускай і ўкраінскай мовах[9].

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах.. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2002. — Т. 15. — С. 157.
  2. Праводзіцца, напрыклад, у працах Карскага, Шахматава, Воўк-Левановіча і інш.
  3. 1 2 Будзько, С.166.
  4. У працах Філіна, Жураўскага і інш.
  5. Такая канцэпцыя з’яўлена, напр., у артыкуле з Encyclopedia Britannica: Ukrainian language.
  6. Напрыклад, Даніель Бунчыц.
  7. У працах Ільінскага, Гуера, Бузука, Я. Станкевіча, паводле, напр., (Станкевіч 1927).
  8. Праф. О. Гуер, як працыт. у (Станкевіч 1930).
  9. Думка Гуера, падтрыманая ў (Станкевіч 1930).

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Славянскія мовы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мовы і дыялекты паводле алфавіта
Катэгорыя·Мёртвыя мовы
Катэгорыя·Мовы з памылкай у ISO 639-3