wd wp Пошук:

Юрый Феліксавіч Ільініч

Пячатка Юрыя Ільініча малодшага, графа на Міры, 1566 год

Юрый Феліксавіч Ільініч (15331569, Бярэсце) — магнат Вялікага Княства Літоўскага, граф на Міры, апошні ўладальнік Мірскага замка з роду Ільінічаў.

Сын Шчаснага Фелікса Ільініча, унук Юрыя Іванавіча Ільініча, першага будаўніка Мірскага замка. Пасля смерці бацькі ў 1540 годзе, а неўзабаве і маці Соф’і Радзівіл, іх адзіны васьмігадовы сын Юрый застаўся сіратою і ўладальнікам велізарнай маёмасці. Апекуном да малалетняга Ілыніча быў прызначаны яго дзядзька — Мікалай Радзівіл Чорны, у будучым — вялікі канцлер літоўскі.

Выхоўваўся пры двары Мікалая Радзівіла, магчыма, як і яго патрон, вызнаваў кальвінізм. У 1553 годзе Радзівіл Чорны, едучы ў пасольства да аўстрыйскага двара Фердынанда Габсбурга, бярэ з сабой дваццацігадовага Юрыя Ільініча. У выніку візіту Ільініч 10 жніўня таго ж года атрымлівае графскі тытул як удадальнік замка.

Фрагмент даравальнай граматы прыводзіць у сваіх «Вандроўках» Уладзіслаў Сыракомля, памылкова датуючы яе 1555 годам: «Яго замак Мір і ўсю адміністрацыйную акругу з усёй маёмасцю мы ўзводзім на ступень графства, гэта званне надаём самому Юрыю Ільінічу, яго дзецям, нашчадкам і законным спадчыннікам разам з усімі іх дзецьмі абодвух полаў, цяперашнімі і тымі, якія народзяцца, ад сённяшняга дня і ва ўсе будучыя часы, называючы іх ад гэтага графства замка Мір графамі».

Не маючы жонкі і дзяцей, Юрый Ільініч большую частку жыцця правёў пры нясвіжскім двары Радзівілаў; калі ж у 1565 годзе Мікалай Чорны памёр, Ільініч зрабіўся апекуном яго дзяцей. Маючы слабае здароў’е і ў прадчуванні блізкай смерці, Ільініч ён 25 жніўня 1568 года складае завяшчанне, па якому галоўным спадчыннікам згаслага роду Ільінічаў робіцца старэйшы сын Радзівіла Чорнага — Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. У 1569 годзе Юрый Ільініч памірае ў Бярэсці. Мірскае графства разам з замкам пераходзіць пад уладу Радзівілаў.

Зноскі

Літаратура

Калнін В. В. Мірскі замак = The Mir Castle / В. В. Калнін; пер. На англ. мову А. І. Казека. Мастак К. У. Хацяноўскі. — 2-ое выданне. Мн.: Беларусь, 2005. — 159 с.:іл. ISBN 985-01-0589-5

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Памерлі ў 1569 годзе
Катэгорыя·Постаці Мірскага замка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Ільінічы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1533 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Брэсце