wd wp Пошук:

Шведска-нарвежская унія

Шведска-нарвежская рэальная унія, таксама Аб’яднаныя каралеўствы Швецыя і Нарвегія (шведск.: Svensk-norska unionen, Unionen mellan Sverige och Norge, нарв.: Unionen mellom Norge og Sverige) — дзяржаўна-прававое аб’яднанне Швецыі і Нарвегіі, існавала з 1814 па 1905 год. Заключана ў выніку шведска-нарвежскай вайны 1814 (раней была прадугледжана Кільскім дагаворам, які спыніў дацка-нарвежскую унію). Унія была кампрамісам паміж нарвежскім імкненнем да незалежнасці, з аднаго боку, і жаданнем Швецыі кампенсаваць страту Фінляндыі ў выніку вайны з Расіяй і Памераніі - з другога. Швецыя абавязалася прызнаць ўнутраную самастойнасць Нарвегіі і яе Эйдсвольскую канстытуцыю 1814 (з папраўкамі, якія ўлічваюць стварэнне уніі). Скасавана карлстадскімі пагадненнямі 1905 года, пасля чаго Нарвегія здабыла поўную незалежнасць і ўласнага караля - Хокана VII.

Перадгісторыя і заключэнне уніі

У перыяд напалеонаўскіх войнаў Швецыя выступала на баку антыфранцузскіх кааліцый. З 1807 Шведская Памеранія была акупавана Напалеонам у ходзе Польскай кампаніі. Гэта прымусіла кронпрынца Карла XIV Юхана праводзіць больш актыўную знешнюю палітыку і ўзяць варожы ў адносінах да Францыі курс. Швецыя ўступіла ў вайну з саюзнікам Францыі - Даніяй, на баку антынапалеонаўскай кааліцыі. Па выніках Кільскага міру 1814 Даніі прыйшлося саступіць Швецыі ўсю Нарвегію ў якасці кампенсацыі за страту Памераніі. Нарвежцы абвясцілі аб незалежнасці адразу пасля гэтага, і Карл Юхан адправіў экспедыцыю, каб усталяваць там сваю ўладу. Уварванне прайшло параўнальна хутка і бяскроўна. Шведска-нарвежская унія была заключана ў тым жа годзе і прадугледжвала агульнага для абедзвюх краін манарха і агульную знешнюю палітыку, але з захаваннем уласнай канстытуцыі, парламента і законаў. Гэты ваенны канфлікт стаў апошнім для Швецыі удзелам ва ўзброеных супрацьстаяннях ў XIX стагоддзі. Пасля яго Карл Юхан паслядоўна праводзіў палітыку ўмацавання міру, што стала асновай шведскага нейтралітэту.

Парыў уніі

Помнік у гонар мірнага скасавання уніі ў Карлстадзе

Свой унёсак ва ўсё большае аддаленне Нарвегіі і Швецыі адна ад адной, акрамя ўнутрыпалітычных крызісаў, унеслі і розныя шляхі развіцця, па якіх ішлі краіны, і вялікія поспехі нарвежцаў у вобласці эканомікі ў канцы XIX стагоддзя. Да канчатковага распаду уніі прывяло так званае консульскае пытанне, якое складалася ва ўсё больш настойлівых патрабаваннях нарвежцаў мець уласнае консульства, і фактычна поўнае раўнапраўе са Швецыяй. У 1890-х гадах да гэтых патрабаванняў далучыліся і кансерватыўна-буржуазныя кругі Нарвегіі.

Оскар II адмаўляўся задаволіць патрабаванні аб уласным консульстве, што прывяло да глыбокіх рознагалоссяў і ўрадавага крызісу ў Нарвегіі. У 1905 Стортынг аднагалосна прагаласаваў за стварэнне нарвежскага консульскага органа, што Оскар II ізноў-ткі не ўхваліў. Нарвежскі ўрад падаў прашэнне аб сыходзе ў адстаўку, якую кароль таксама не прыняў. Услед за гэтым Стортынг абвясціў, што кароль больш не можа выконваць свой абавязак перад народам, і скасаваў унію 7 чэрвеня 1905 года. 13 жніўня быў праведзены рэферэндум, у якім за скасаванне уніі прагаласавала 368 208 чалавек, супраць — 187 чалавек.

Аднабаковы выхад Нарвегіі з уніі прывёў да напружанасці і ўсеагульнай мабілізацыі па абодва бакі мяжы, але пасля інтэнсіўных перамоў у Карлстадзе ў жніўні і кастрычніку 1905 года было дасягнута пагадненне аб мірным скасаванні уніі. Бакі дасягнулі згоды аб умовах скасавання, і Швецыя прызнала незалежнасць Нарвегіі. 26 кастрычніка міністры замежных спраў Фрэдрык Вактмейстэр (ад Швецыі) і Ёрген Лёўланд (ад Нарвегіі) падпісалі дагавор.

На галоўнай плошчы Карлстада ўсталяваны помнік мірнаму скасаванню.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гісторыя Нарвегіі
Катэгорыя·Канфедэрацыі
Катэгорыя·Гісторыя Швецыі
Катэгорыя·Права Нарвегіі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1814 годзе
Катэгорыя·Зніклі ў 1905 годзе