wd wp Пошук:

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588

Першы аркуш Статута (1588) выдання друкарні Мамонічаў

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588, Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў феадальнага права. Статут закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ.

Гісторыя падрыхтоўкі

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Берасцейскім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз два гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статуты ВКЛ 1529 і 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578 (гл. Паправы статутовыя 1578), 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць вялікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28 студзеня 1588.

Змест і структура

Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А. Б. Валовіча і падканцлера Я. І. Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).

Статут мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў арт. 3-м раздз. 3-га, паводле якога вялікаму князю і ўсім дзяржаўным органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысціянскім веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся і на нормах крымінальнага, цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у тым ліку і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзяржаўных устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ. Уладаром дзяржавы прызнаваўся вялікі князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзяржаўных службовых асоб. Статут замацоўваў наяўнасць феадалаў і залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некаторыя правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этнічных груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымінальную адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (разд. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у палітычным жыцці абмяжоўваўся выключна мясцовымі валаснымі справамі.

Выкарыстанне

Статут дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння зямель ВКЛ да Расійскай імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губернях да 1831, у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях дзейнічаў да 1840.

Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага улажэння 1649 ў Расіі, афіцыйна незацверджаных зборнікаў “Права за якими судится малороссийский народ” (другая чвэрць 18 ст.), “Суд и разправка в правах малороссийских” (1750—1758). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ўжываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў галоўным пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне. У 17—19 ст. перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы.

Публікацыі

Статут упершыню надрукаваны на беларускай мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л. Мамоніч выдаў Статут на польскай мове. У 1648 Статут на польскай мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П. Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А. Марціноўскага ў 1819. У 1811 Сгатут у перакладзе на польскую і рускую мову выдадзены ў Санкт-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на беларускай мове.

Комплекснае выданне, прысвечанае Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588, з нагоды яго 400-годдзя было падрыхтавана выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1989. Яно стала першай на Беларусі поўнай публікацыяй Статута. Выданне ўключае: нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.», дзе раскрыты ўмовы, пры якіх адбывалася падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне Статута; факсімільнае ўзнаўленне тэксту Статута, яго арыгінальны тэкст і пераклад на рускую мову; энцыклапедычны даведнік з 820 артыкулаў; паартыкульны каментарый; тэрміналагічны і імянны паказальнікі. Асноўная частка матэрыялаў даведніка — артыкулы пра тагачасныя адміністрацыйна-тэрэтарыяльны падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, саслоўі, службовыя асобы і пасады, судовы лад; віды злачынстваў і правапарушэнняў, меры пакарання і ўздзеяння за іх; грашовая сістэма, адзінкі вымярэння і інш. Змешчаны артыкулы пра крыніцы Статута і іншыя прававыя акты і дакументы XV—XVI ст., пра гісторыю падрыхтоўкі і выдання Статута, яго паліграфічныя і мастацкія асаблівасці. Шэраг артыкулаў прысвечаны выкарыстанню, збераганню і гісторыі даследавання Статута. У каментарыях разглядаецца прававая сутнасць і гісторыя распрацоўкі кожнай з уключаных у яго норм.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Статуты Вялікага Княства Літоўскага