МАЗ-171 — нізкападлогавы перонны аўтобус Мінскага аўтамабільнага завода. Прызначаны для перавозкі пасажыраў паміж самалётам і будынкам аэравакзала.
Завод ужо выпускаў у 1999 годзе мадыфікаваную версію гарадскога аўтобуса МАЗ-103 для выкарыстання ў аэрапортах, але аўтобус МАЗ-171 з’яўляецца спецыяльна распрацаванай для такога прымянення мадэллю.
Машына шырынёй больш за тры метры мае нізкую падлогу па ўсёй даўжыні салона і абсталявана шасцю дзвярыма (па тры з кожнага боку). Паколькі працягласць паездкі ў такіх аўтобусах невялікая, МАЗ-171 абсталяваны шасцю сядзеннямі (па адным каля кожнай дзверы), а намінальная ўмяшчальнасць складае 122 чалавека (пры сярэдняй загрузцы 5 чалавек на квадратны метр). Аўтобус абсталяваны відэакамерай задняга віду, кандыцыянерам на працоўным месцы вадзіцеля, дахавымі вентылятарамі ў пасажырскім салоне (кандыцыянер пад заказ), пробліскавым маячком.
У аўтобусе выкарыстоўваецца рухавік Deutz магутнасцю 170 к.с. размешчаны справа ад месца вадзіцеля, пры гэтым прывад ажыццяўляецца на пярэднія колы.
8 лютага 2006 аэрадромны аўтобус МАЗ-171 прыняў першых пасажыраў, якія прыляцелі з Масквы ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Пасля праходжання тут трохтыднёвых выпрабаванняў, ён быў накіраваны на выпрабаванні ў аэрапорт «Унукава», а затым прайшоў сертыфікацыю ў адным з цэнтраў сертыфікацыі наземнага транспарту грамадзянскай авіяцыі ў Расіі.
Эксплуатуецца ў аэрапортах Мінска, Ніжнявартаўска, Салехарда, Самары, Валгаграда, Краснадара, Баку і ў Румыніі[1].
У красавіку 2007 года на конкурсе «Лепшы аўтобус года ў Расіі» МАЗ-171 заняў першае месца ў намінацыі «Лепшы айчынны аўтобус года ў Расіі»[2]
Тэхнічныя характарыстыкі[3]
Мадэль: | МАЗ-171075 |
---|---|
Выпуск | з 2006-га |
Колькасць месцаў для сядзення: | 6 |
Намінальная ўмяшчальнасць, чалавек | 122 |
Максімальная хуткасць, км / г: | 50 |
Памеры Д × Ш × В, мм: | 14440 х 3150 х 3170 |
Колавая база, мм: | 7120 |
Каляіна колаў (пярэдніх / задніх), мм: | 2142 / 2650 |
Вышыня прыступкі над узроўнем дарогі, мм | 300 |
Поўная маса, кг | 22000 |
Нагрузка на пярэднюю вось, кг | 11000 |
Нагрузка на заднюю вось, кг | 11000 |
Рухавік: | Deutz BF4M1013FC(E3) |
Магутнасць, кВт (к. с.): | 125 (170) |
Каробка перадач: | аўтаматычная ZF5HP502, 5-ступеністая |
Прывад: | пярэдні |
Падвеска: | пнеўматычная, з тэлескапічнымі амартызатарамі |
Колы: | дыскавыя 11,75 х 22/5 |
Памер шын: | 385/65 R22,5 |