Кубак Беларусі па баскетболе — штогадовы турнір, які праводзіцца з 1997 года Беларускай федэрацыяй баскетбола.
Першым пераможцам турніра стала каманда, складзеная з гульцоў мінскіх клубаў «Аўтазаводзец-Джэнці» і РВАР.
Першапачаткова турнір праводзіўся пад канец вясны, пасля заканчэння чэмпіянату Беларусі, пераможца вызначаўся па выніках групавога турніру. У 1999 годзе час правядзення турніра быў перанесены на восень, напярэдадні чэмпіянату краіны, а пераможца ўпершыню вызначаўся па выніках Фіналу чатырох. У пачатку-сярэдзіне 2000-х гадоў пераможца вызначаўся ў фінальным матчы паміж лепшымі камандамі групавога этапу.
З 2008 года гульні групавога этапу праходзілі восенню, а пераможца вызначаўся ў Фінале чатырох, які праходзіў у снежні. У 2017 годзе розыгрыш Кубка праходзіў восенню, пераможца і прызёры вызначаліся па выніках групавога турніру. У 2018 годзе фармат турніру вярнуўся да фармату Фіналу чатырох.