wd wp Пошук:

Кніга прарока Абакума

Кні́га праро́ка Абакума (іўр.: חֲבַקּוּק‬‬; лац.: Prophetia Habacuc; стар.-грэч.: Αββακούμ) — 35-я кніга кананічнага Старога Запавету, дваццаць другая частка Танаху. Восьмая з кніг г. зв. малых прарокаў.

Аўтар і час напісання

Першы верш кнігі паказвае на аўтарства Абакума, але пра яго самога амаль нічога не вядома. Зыходзячы з літургічнага характару кнігі, асабліва ў трэцім раздзеле, можна выказаць здагадку, што Абакум мог быць прарокам альбо левіцкім спеваком. Ягонае імя (Hawakkuk) можа паходзіць ад акадскага Hawakuk, іўр.: חבקוקח — «абдымкі», альбо ад акадскай назвы расліны.

Пра час напісання кнігі можна сказаць, што апісанне народа халдзеяў указвае на перыяд уздыму царства Вавілона ў канцы VII стагоддзя — пачатку VI стагоддзя да н.э., гэта значыць, на часы прарока Ераміі. Магчыма, кніга была напісана незадоўга да першага заваявання Іерусаліма царом Навухаданосарам II у 597 г. да н.э. падчас праўлення цара Іўдзеі Іякіма.

Змест

Кніга складаецца з дзвюх частак:

У першым раздзеле прарок пытаецца ў Бога пра гвалт і несправядлівасць і задае Госпаду пытанні аб прычынах Ягонай абыякавасці. Бог адказвае, што прыладамі пакарання будуць халдзеі, якія спустошаць Іўдзею і будуць суддзёй Божага народа (1:5). Халдзеі прадстаўлены як магутны народ, але нязначны. Асабліва адзначаецца, што яны пакланяюцца сваёй сіле (1:11), якая сапраўды з’яўляецца Божым дарам, а не іх дасягненнем. Такі выбар суддзі шакуе прарока: «Чыстым вачам Тваім неўласціва глядзець на зладзействы, і глядзець на ўціскі Ты ня можаш. Дзеля чаго ж Ты глядзіш на зладзеяў, і маўчыш, калі бязбожнік паглынае таго, хто праведнейшы за яго, і пакідаеш людзей, як рыбу ў моры, як паўзуноў, у якіх няма валадароў?» (1:13-14). Прарок чакае адказу з трапятаннем і нецярплівасцю . Бог адказвае: «А справядлівы будзе жыць верай сваёй» (2:4). Гэты адказ не тлумачыць прычыны Божага рашэння, але дае ўніверсальнае правіла жыцця для людзей, якія вераць у Бога.

Другая частка другога раздзела — гэта прароцтва пра лёс ганарлівых, жорсткіх і злых прыгнятальнікаў. Яно паходзіць ад Бога і даволі з’едлівае. Асноўны змест: Бог кіруе гісторыяй чалавецтва, ідалапаклонства — цяжкі грэх.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Кнігі Старога Запавету
Катэгорыя·Танах:Прарокі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Малыя прарокі
Катэгорыя·Кнігі паводле алфавіта