Гоцкая мова — адна са старажытных германскіх моў (усходнегерманская падгруппа). Вядома пераважна па пісьмовых помніках IV ст. (перыяд пасялення готаў у Прычарнамор’і). Найбольш значны — пераклад Бібліі (прыпісваецца вестгоцкаму епіскапу Ульфіле), што дайшоў да нашага часу ў остгоцкіх рукапісах V—VI стагоддзяўст. Лічыцца, што Ульфіла стварыў і само гоцкае пісьмо, заснаванае на грэчаскім і лацінскім алфавітах, а таксама на рунічным пісьме.
Гоцкая мова захавала большую блізкасць да прагерманскай мовы, таму яна адыгравае значную ролю ў параўнальнай граматыцы германскіх моў.
Вылучаюць 2 блізкія дыялекты гоцкай мовы — остгоцкі і вестгоцкі.
У Крыме пэўны час захоўвалася т.зв. крымска-гоцкая мова (вядома 68 слоў, запісаных фламандцам А. Г. Дэ Бусбекам у XVI ст.), якая паходзіла ад остгоцкага дыялекту гоцкай мовы.