wd wp Пошук:

Vae victis

Бюст Брэна, якому прыпісваюць выраз «Гора пераможаным»

Vae victis (wai wiktiːs, бел.: «гора пераможаным») — лацінскі крылаты выраз, які мае на ўвазе, што ўмовы заўсёды дыктуюць пераможцы, а пераможаныя павінны быць гатовыя да любога трагічнага павароту падзей.

Выраз звязаны з падзеямі 390 г. да н.э. Рымляне пацярпелі разгромнае паражэнне ад Брэна — правадыра гальскага племя, якое пракралася на тэрыторыю Апенінскага паўвострава праз Альпы. Затым галы ўвайшлі ў Рым, разрабавалі і спалілі значную частку горада і аблажылі Капітолій, дзе ў крэпасці схаваліся адборныя рымскія воіны і магістраты. Аблога зацягнулася. Адзін раз галы знянацку нават ледзь не захапілі крэпасць. Сярод абаронцаў Капітолія пачаўся голад. У той час як у горадзе Веях Каміл, абвешчаны дыктатарам, збіраў новую армію, консулы дамовіліся з Брэнам пра выкуп у тысячу фунтаў (327 кг) золата.

Узважваць яго, як паведамляе Ціт Лівій («Гісторыя Рыма ад заснавання Горада», V, 48, 8—9), прыйшлося фальшывымі гірамі ворага. Рымляне спрабавалі пярэчыць, і Брэн са зневажальнымі для іх словамі «Гора пераможаным» паклаў зверху гір свой цяжкі меч.

Падчас спрэчкі ў варотах з’явілася армія Каміла, які, як дыктатар, абвясціў рашэнне консулаў несапраўдным, а армія Каміла вызваліла горад.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Рымская імперыя
Катэгорыя·Лацінскія выслоўі
Катэгорыя·Правасуддзе