V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі — міжнародны форум, які прайшоў у Магілёве 11—12 кастрычніка 2018 года.[1] Арганізатарам форуму выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі пры садзейнічанні Магілёўскага аблвыканкама.[2]
У час форуму адбыліся пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, Савета дзелавога супрацоўніцтва, былі арганізаваны секцыйныя пасяджэнні, прайшоў Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва ў Магілёўскай вобласці, маладзёжны форум, выстава-кірмаш рамёстваў, турнір па хакеі з шайбай спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, серыя рэгіянальных і раённых мерапрыемстваў. Галоўнай падзеяй форуму стала пленарнае пасяджэнне на тэму «Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва».[3]
12 кастрычніка, падчас перамоў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, беларускі лідар сказаў, што бачыць, як Пуцін у Магілёве адчувае сябе як дома, «на гэтым шматку, можна сказаць, рускай зямлі… гэта такі горад, я бы нават сказаў, больш рускі, чым беларускі, гэта ўсход Беларусі». Пасля перамоў пачалося пленарнае паседжанне ў больш шырокім складзе[4].
Да Форуму рэгіёнаў была праведзена рэканструкцыя Палаца культуры вобласці з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі, рэканструкцыя вуліцы Якубоўскага і пуцеправода цераз чыгуначныя пуці, аднавілася будаўніцтва вучэбна-лабараторнага корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, які шмат гадоў стаяў закансерваваным, узведзены Трыўмфальная арка на ўездзе з боку Мінска, лесвіца з каскадам у Падміколле, завершана рэканструкцыя музея Бялыніцкага-Бірулі, якая цягнулася 5 гадоў[5].