Honda Prelude — чатырохмясцовае купэ вытворчасці кампаніі Honda. Выраблялася з 1978 г. Знята з вытворчасці ў 2001 г. з-за высокага кошту і нізкага попыту.
Агульны аб’ём продажаў склаў 826,082 штук.
Пакаленне I (1979-1982): 171,829 шт.
Пакаленне II (1983-1987): 336,599 шт.
Пакаленне III (1988-1991): 160,909 шт.
Пакаленне IV (1992-1996): 98,627 шт.
Пакаленне V (1997-2001): 58,118 шт.
Першае пакаленне з’явілася ў 1978 годзе на базе мадэлі Accord.
Аўтамабіль абсталёўваўся рухавіком аб’ёмам 1,6 л. магутнасцю 80 к.с. На аўтамабіле выкарыстоўвалася пяціступеністая механічная трансмісія або двухступеністая аўтаматычная.
Prelude другога пакалення з’явіўся ў лістападзе 1982 года.
Трэцяе пакаленне (код — BA4) было прадстаўлена ў сакавіку 1987 года. Аўтамабіль захаваў сілуэт свайго папярэдніка — нізкі і шырокі профіль з нізкім капотам і ўсплываючымі фарамі.
На аўтамабіль усталёўваліся рухавікі аб’ёмам 2 літры[1]. Базавая версія EX: абсталяваная падвоеным карбюратарам, з адным размеркавальным валам і дванаццацю клапанамі — магутнасцю 109 або 114 к.с. Рухавік 2.0i 16V — з электроннай сістэмай упырску, двума верхнімі размеркавальнымі валамі і шаснаццацю клапанамі. Магутнасць гэтай версіі магла складаць 137, 140 або 150 конскіх сіл.
На машынах гэтага пакалення ўпершыню ўжылі сістэму кіравання ўсімі чатырма коламі 4WS.
У 1990 годзе праведзены фэйсліфтынг, у выніку якога злёгку зменены дызайн задняй частцы мадэлі і бампераў. Былі змененыя і многія дэталі інтэр’еру, палепшаная эрганоміка пярэдняй панэлі.
Выраблена 160.909 адзінак.
У 1991 годзе, для японскага рынка, пачаты выпуск чацвёртага пакалення аўтамабіля. На іншыя рынкі аўтамабіль выйшаў у 1992 годзе.
Камплектацыя «S» абсталёўвалася рухавіком F22B 160 к.с., «Si-VTEC» абсталёўвалася H22A 200 к.с., «Si» — H23A1 «2.0i» 133 к.с. (93 кВт). Пазначэнне «Si-VTEC» выкарыстоўвалася да канца 1993 года, пасля чаго яго скарацілі да проста «VTEC».
Honda Prelude пятага пакалення з’явілася ў канцы 1996 года.
Аўтамабіль стаў даўжэй папярэдняга на 35 мм, што спрыяла больш камфортнаму размяшчэнню пасажыраў, асабліва ў задняй частцы салона.
Рухавікоў было два: 2,0-літровы магутнасцю 133 к.с. і 2,2-літровы. Апошні выпускаўся ў двух версіях: VTI (185 к.с.) і VTI-S (200 к.с.). Аўтамабіль абсталёўваўся як механічнымі, так і аўтаматычнымі каробкамі перадач.
З-за досыць высокага кошту гэта пакаленне не карысталася вялікім попытам на рынку. Увосень 2000 года вытворчасць Honda Prelude вырашана было спыніць.
Базавая мадэль Prelude была абсталявана: сістэмай кандыцыянавання паветра, люкам з электрапрывадам, круіз-кантролем, рэгуляваным па вышыні вадзіцельскім сядзеннем, скураным тэлескапічным рулём, лямпачкай для прагляду карты, вокнамі, бакавымі люстэркамі і замкамі з электрапрывадам, і функцыяй дыстанцыйнага адчынення дзвярэй[2]. AM / FM / CD стэрэасістэма на шэсць дынамікаў выкарыстоўвае маленькія мікрафоны для вымярэння глыбіні гучання і настройвае гучнасць. Для мадэлі SH прапанаваўся скураны рычаг пераключэння перадач. З элементаў бяспекі ўсталёўваліся: антыблакіровачная тармазная сістэма, падвойныя падушкі бяспекі і сістэма абароны ад бакавога ўдару; фіксатары дзіцячых крэслаў.