wd wp Пошук:

Exegi monumentum

Пераклад Максіма Багдановіча

 

Лепшы медзі сабе памятнік справіў я,

Болей ўсіх пірамід царскіх падняўся ён;

He зруйнуе яго сівер, ні едкі дождж,

Hi гадоў чарада, вечнага часу рух.

He саўсім я памру, лепшая часьць мяне

He зазнае хаўтур; слава мая ўвесь час

Між патомкаў расьці будзе, пакуль ўсхадзіць

Зможа зь дзевай удвух на Капітольлі жрэц.

Аба мне гаварыць будуць: «Раджоны там,

Дзе шумлівы Аўфід шпарка ў палях імкне,

Дзе царыць над людзьмі бедны вадой Танай, —

Ён да славы дайшоў, хоць і не панам быў».

Першы стаў я складаць на эолійскі лад

Ў нашым родным краю песьні пад лірны звон.

Ўсе заслугі мае, Муза, з пашанай зліч

I лаўровым вянком мне валасы пакрый.

1911—1912

Exegi monumentum (лац.: Я ўзвёў помнік) — ода Гарацыя, апошняя ў трэцяй кнізе «Од» (Carm. III, 30). Вядома таксама пад назвай «Да Мельпамены» (лац.: Ad Melpomenem) — Мельпамена традыцыйна лічыцца музай трагедыі, але першапачаткова ўспрымалася як муза песні наогул.

Гэты верш даў пачатак новаму паэтычнаму жанру — «помніку», у якім аўтар, часцяком узяўшы за аснову кампазіцыю оды Гарацыя і яе першы радок, гаворыць пра свае заслугі перад паэзіяй, пра свае новаўвядзенні, якія павінны захавацца ў памяці нашчадкаў, абессмяроціць яго імя. У гэтым сэнсе «помнікам» можна назваць і заключныя радкі паэмы Авідзія «Метамарфозы» («Ператварэнні») — «Iamque opus exegi…».

Найбольш вядомым беларускім перакладам оды з’яўялецца пераклад Максіма Багдановіча.

Тэмы гэтай старонкі (4):
Оды
Вершы Гарацыя
Лацінскія выслоўі
Крылатыя выразы