BELARUS А3523і — беларускі беспілотны трактар. Апарат распрацоўваўся сумеснымі намаганнямі інжынераў Упраўлення канструктарска-эксперыментальных работ №1 Мінскага трактарнага завода і спецыялістаў Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прэзентацыя дрона прайшла 20 мая 2021 года на 75-годдзе МТЗ[1].
Створаны на базе трактара сямейства 3522/3525. Абсталяваны дызельна-электрычнай (гібрыднай) сілавой устаноўкай магутнасцю 350 к. с. і электрамеханічнай трансмісіяй. У канструкцыі ўжытая электрамеханічная бясступеньчатая трансмісія, якая выключыла прамую кінематычную сувязь дызельнага рухавіка з вядучымі коламі, што дазволіла рэалізаваць частату кручэння і момант у рэжыме максімальнай паліўнай эфектыўнасці[2][3]. Машына абсталявана GPS-навігацыяй і сістэмай дакладнага земляробства кампаніі Topcon. Прыменена інфраструктура высакахуткаснай перадачы дадзеных з дапамогай 5G-тэхналогіі кампаніі ТАА «Облочные технологии»[4].
Трактар прызначаны для выканання сфармаваных аператарам заданняў, якія могуць перадавацца выдалена праз сотавую сувязь ці ж на здымным носьбіце.