wd wp Пошук:

Яўлалія Паўлаўна Казановіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Казановіч.

Яўлалія Паўлаўна Казановіч (15 (27) чэрвеня 1885, маёнтак Кудзіна[1] Бялыніцкая воласць Магілёўскай губерні, цяпер Бялыніцкі раён — студзень 1942, Ленінград) — расійская бібліёграф, фалькларыстка.

Біяграфія

З роду Казановічаў герба «Гржымала», вядомага на Магілёўшчыне з XVI ст., з часам збяднелага. Бацька — Павел Казановіч, служыў міравым пасрэднікам. Скончыла Магілёўскую жаночую гімназію (1902). Каб забяспечваць сябе пасля гімназіі працавала карэктарам у «Магілёўскіх губернскіх ведамасцях», у 1904 годзе тамсама дэбютавала ў друку нататкамі пра жыццё горада.[2]

У 1905 годзе пераехала ў Пецярбург, паступіла на Бястужаўскія жаночыя курсы, навучанне зацягнулася на восем гадоў — адной з прычын гэтага быў сталы пошук сродкаў на жыццё. Яшчэ ў 1911 годзе запрошана на працу ў Пушкінскі Дом (будучы ІРЛІ АН СССР, цяпер ІРЛІ РАН), з якім была звязана ўсё далейшае жыццё. Спачатку працавала каталагізатарам, займалася апісаннем рукапісаў і апрацоўкай кніг, з 1919 года — бібліятэкарам і навуковым супрацоўнікам.[2]

Навуковыя інтарэсы Казановіч у галіне рускай літаратуры былі досыць шырокімі — ад Цютчава і Гогаля да Пісарава, таксама займалася асобай паэткі і перакладчыцы Караліны Яніш[ru], каханай Адама Міцкевіча.[2]

Важнай сферай дзейнасці Казановіч было вывучэнне беларускай мовы і народнай творчасці. Яшчэ падчас навучання на Бястужаўскіх курсах яна выступіла з дакладамі пра гаворкі Магілёўскай губерні і беларускую батлейку. У 1912 годзе перадала ў БАН запісаныя ёю ў Магілёўскай губерні беларускія народныя песні. Чэрвень 1914 года правяла ў экспедыцыі ў Рагачоўскім павеце, вывучала мясцовую азяранскую гаворку і фальклор. Паводле ўспамінаў даследчыцы, часам да яе працы ставіліся з недаверам, пыталіся: «нешта нужна у Питярбурхи, як hъварать азиранцы». Справаздача гэтай паездкі была апублікавана сярод вынікаў дзейнасці Імператарскай Акадэміі навук па Аддзяленні рускай мовы і славеснасці ў 1914 годзе. У 1915 годзе часопіс «Живая старина», выдаваны этнаграфічным аддзяленнем РГТ, апублікаваў артыкул Казановіч «Легенда о Святом озере в Белоруссии» (у 1916 годзе выпушчаны асобным адбіткам).[2]

Пасля рэвалюцыі Казановіч не вярталася да беларускай тэматыцы. Працавала ў Пушкінскім Доме да 1929 года. З пачаткам рэпрэсій у Акадэміі навук, падвергнулася кароткачасовага арышту і звольнена. Некалькі гадоў прапрацавала бібліёграфам у інжынерна-тэхнічных установах, затым займалася перакладамі.[2]

Памерла ў студзені 1942 года ў блакадным Ленінградзе, паводле відавочнікаў, у гарадскім Доме пісьменнікаў на Шпалернай, куды прыйшла па працы.[2]

Зноскі

  1. Казановіч, Яўлалія Паўлаўна (літаратуразнавец ; 1886—1941)
  2. 1 2 3 4 5 6 Баринов, 2022

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 чэрвеня
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Фалькларысты Расійскай імперыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Магілёўскім павеце (Магілёўская губерня)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1885 годзе
Катэгорыя·Казановічы
Катэгорыя·Памерлі ў 1942 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бялыніцкім раёне