Ян II Казімір (польск.: Jan II Kazimierz; 22 сакавіка 1609 — 16 снежня 1672), кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1648—1668). Апошні кароль і вялікі князь з дынастыі Вазаў.
Сын Жыгімонта III Вазы. Намінальна і спадчынна да 1660 насіў тытул караля Швецыі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, у Трыццацігадовай вайне 1618—48. У 1643—45 член ордэна езуітаў, з 1646 кардынал. Пасля смерці старэйшага брата, караля Уладзіслава IV, вызвалены рымскім папам з духоўнага звання. 20.11.1648 на сойме абраны каралём польскім і вялікім князем ВКЛ пры дапамозе групоўкі магнатаў і шляхты, прыхільнікаў пагаднення з казакамі, што паўсталі на Украіне, каб потым пачаць вайну хрысціянскіх дзяржаў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Напачатку вёў памяркоўную палітыку ў дачыненні да казакоў у разліку на пагадненне з Б. Хмяльніцкім, аднак гэта палітыка не дала вынікаў, і вайна на Украіне працягвалася. У 1649 і 1651 узначальваў паходы на Украіну, заключыў Збораўскі і Белацаркоўскі мірныя дагаворы. У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны: Казацкая вайна (1648—1651), а таксама Патоп (1654—1667) і вайна са Швецыяй у ходе якіх маскоўскія войскі акупіравалі большую частку ВКЛ, а шведскія значную частку Польшчы, уключаючы Варшаву. Кароль, быў змушаны ўцячы ў Сілезію. У 1657 Рэч Паспалітая адмовілася ад суверэнных правоў на Прусію, а ў выніку Андрусаўскага перамір’я (1667) страціла Смаленскае ваяводства, Кіеў і ўсе тэрыторыі Украіны на ўсход ад Дняпра.
У гэты час Ян II Казімір змяніў палітыку, адмовіўся ад саюза з германскім імператарам, які не дапамагаў Рэчы Паспалітай, і пачаў арыентавацца на Францыю. Каб умацаваць цэнтральную ўладу, Ян II Казімір распрацаваў план рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Ён прапанаваў выбіраць новага караля не пасля смерці папярэдніка, а пры жыцці, каб не было безуладдзя ў час міжкаралеўя. Аднак сойм 1660 і соймікі 1661 выказваліся супраць рэформы. Супраць караля склалася апазіцыйная групоўка на чале з гетманам польным каронным Е. С. Любамірскім, у 1665—66 яна ўзняла рокаш. Напачатку ракашане перамаглі каралеўскае войска, аднак пасля вымушаны былі капітуляваць. Суд прыгаварыў Любамірскага да баніцыі (выгнання з краіны), але спроба рэформ была сарвана. Пасля рокаша зрыванне соймаў і соймікаў стала частай з’явай.
Агульны гаспадарчы заняпад Рэчы Паспалітай, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча дзяржавы, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі (1667) прывялі да таго, што 16.9.1668 Ян II Казімір адрокся ад трона і назаўсёды выехаў у Францыю.
Памылка Lua: not enough memory.
Тэмы гэтай старонкі (17):