У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бабровіч. Ян Станіслававіч Бабровіч (псеўданімы: Борскі Казімір Іванавіч; Сымон; Казік; 2 (15) чэрвеня 1902, в. Параф’янава, Вілейскі павет, цяпер Докшыцкі раён — 8 студзеня 1943, Паўночлаг) — дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст[1]. Магчыма, што ён з’яўляецца братам беларускага крытыка М. Бабровіча[2].
З 1916 у войску. У 1918—1920 вучыўся ў гімназіі і на рабфаку[Крыніца?] ў Вільні. У 1921 працаваў школьным інспектарам у Польшчы. У 1922—1925 вучыўся ў Пражскім універсітэце. Там далучыўся да левых рухаў[1]. З 1925 член Кампартыі Чэхаславакіі, з 1926 член КПЗБ. У Заходняй Беларусі быў прадстаўніком КПЗБ пры ЦК БСРГ, палітычым рэдактарам газет БСРГ «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Жыццё беларуса», «Народная справа», «Наша справа»[1].
23 снежня 1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У верасні 1932 у выніку абмену палітвязнямі з Польшчы перададзены ў СССР. Узначальваў Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. 18 кастрычніка 1933 арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»[1].
9 студзеня 1934 судовай калегіяй АДПУ прыгавораны да 10 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў на Далёкім Усходзе. 14 жніўня 1939 Амурскі абласны суд прыгаварыў яго яшчэ да 10 гадоў пазбаўлення волі. Накіраваны ў Паўночнадзвінскі лагер (Архангельская вобласць), дзе і памёр[3].
Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16 жніўня 1956 года.