Ян Коцера (чэшск.: Jan Kotěra, 18 снежня 1871, Брно — 17 красавіка 1923, Прага) — чэшскі архітэктар, дызайнер і графік. Адзін з папярэднікаў сучаснай чэшскай архітэктуры.
Архітэктурную адукацыю атрымаў у Акадэміі прыгожых мастацтваў у Вене, у прафесара Ота Вагнера. У пачатковы перыяд сваёй творчасці знаходзіўся пад уплывам стылю Венскага сэцэсіёна. Пазней, пасля знаёмства з працамі Фрэнка Лойда Райта паступова пераходзіць да формаў функцыяналізму. Адначасова ўключае ў свае працы чэшскія нацыянальныя элементы, у выніку атрымліваецца сімбіёз мадэрнісцкага і нацыянальнага ў яго архітэктуры. Аказаў уплыў на развіццё чэшскай архітэктуры не толькі створанымі ім будынкамі, але і як выкладчык. Адным з найбольш вядомых вучняў Яна Коцера быў Ёсеф Гочар. Я. Коцера быў прафесарам пражскай Акадэміі мастацтваў і заснавальнікам ў ёй класа архітэктуры.