Я́каўчыцкі сельсаве́т — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок Вялікія Якаўчыцы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Якаўчыцы. 16 ліпеня 1954 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя ўвайшла ў склад новаўтворанага Мацеевіцкага сельсавета[1].
13 кастрычніка 1961 года ў склад Мацеевіцкага сельсавета Камянецкага раёна з Крыўлянскага сельсавета перададзены вёскі Агароднікі, Барздзілы, Вандалін, Вежкі, Мацясы, Пруск, Свішчы, Стаўпы, Якаўчыцы, у склад Крыўлянскага сельсавета перададзены вёскі Багны, Баляўшчына, Вялікія Сяхновічы (з крухмальным заводам), Грыцэвічы (з канторай нарыхтоўкі жывёлы), Карды, Мацеевічы, Новыя Дворы, Семенаўцы, цэнтр Мацеевіцкага сельсавета перанесены ў Якаўчыцы і сельсавет перайменаваны ў Якаўчыцкі[2]. З 25 снежня 1962 года ў складзе Кобрынскага раёна, з 30 ліпеня 1966 года — у складзе адноўленага Жабінкаўскага раёна. У 1970 годзе скасаваны вёскі Багуславічы і Савіцкія (зліліся з вёскай Залуззе)[3]. 14 красавіка 1971 года вёска Якаўчыцы, якая ўваходзіла ў склад калгаса «Прамень», перайменавана ў Вялікія Якаўчыцы, вёска Якаўчыцы, якая ўваходзіла ў склад калгаса імя Чапаева, — у Малыя Якаўчыцы[4]. На 1 студзеня 1974 года ў складзе сельсавета было 13 населеных пунктаў[5].
11 мая 2012 года сельсавет скасаваны, частка тэрыторыі далучана да Жабінкаўскага сельсавета (вёскі Бабры, Вялікія Якаўчыцы, Залуззе, Панцюхі, Пруск), частка — да Крыўлянскага сельсавета (вёскі Агароднікі, Барздзілы, Вандалін, Вежкі, Малыя Якаўчыцы, Мацясы, Свішчы, Стаўпы)[6].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года складала 1329 чалавек[7], з іх 81,6 % — беларусы, 12,0 % — украінцы, 5,2 % — рускія[8].