Якаб Кандраў (польск.: Jakób Condrau, лац.: Jacobus Condrau. фр.: Jaques Condrau; 27 верасня 1779, Кур, Швейцарыя — 20 красавіка 1836, Цярнопаль) — педагог, прафесар Полацкай езуіцкай акадэміі.
У канцы XVIII ст., знаходзячыся ў Германіі, далучыўся да Таварыства веры ў Ісуса (таксама «паканарысты», «Айцы веры»), адной з каталіцкіх кангрэгацый, заснавальнікі і ўдзельнікі, якіх імкнуліся аднавіць лад жыцця скасаванага Ордэна езуітаў і фактычна пад новай назвай адрадзіць Таварыства Ісуса[1][2].
Уступіў у Таварыства Ісуса 24 чэрвеня 1805 г. на Беларусі. Потым вывучаў тэалогію ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1806—1808). У 1808—1820 гг. — прафесар вышэйшай і прыкладной матэматыкі, фізікі, батанікі і астраноміі Полацкага езуіцкага калегіума і пасля яе пераўтварэння — Полацкай езуіцкай акадэміі. У навучальным працэсе шырока выкарыстоўваў экспанаты езуіцкага музея. (Падрабязней пра выкладанне Я. Кандраў сваіх курсаў гл. Т. Б. Блінова[3].) 15 жніўня 1817 г. склаў у Полацку апошнія зарокі[4].
Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі (1820) выкладаў матэматыку ў горадзе Навары (Італія), а ў апошнія гады жыцця чытаў курсы філасофіі і натуральнай гісторыі ў Цярнопальскім езуіцкім калегіуме, дзе стварыў кабінет натуральнай гісторыі[5][6].
Памёр і пахаваны ў Цярнопалі.