Юра́цішкаўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — гарадскі пасёлак Юрацішкі. Плошча — 14548 га[1].
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Юрацішкаўскага раёна Баранавіцкай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Юрацішкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Макуцкага сельсавета[2]. 23 снежня 1957 года вёска Юрацішкі набыла статус гарадскога пасёлка, сельсавет скасаваны[3].
2 снежня 1959 года Юрацішкаўскі сельсавет утвораны зноў з цэнтрам на станцыі Юрацішкі і пералічэннем у яго склад населеных пунктаў: Асіпаўка, Бокшышкі, Грушанцы, Гумнішчы, Дунічы, Келайці, Куль-Юзэфава, Кузьмянка, Ляпешкі, Мількі, Пасека, Пойдзішкі, Пунішчы, Чашэйкі і станцыя Юрацішкі са складу Трабскага сельсавета; Адамава, Гялуці, Заельнікі, Каркеняты, Крылішкі, Лабачы, Людвінова, Малахі, Масека, Навікі, Паболі, Пакуці, Піраты, Цянюкаўшчына, Чарнэлі, Шавёлы, Якунь, Яросмішкі з адміністрацыйнага падпарадкавання Юрацішкаўскага пассавета[4]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. 3 мая 1962 года сельсавет скасаваны, населеныя пункты перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Юрацішкаўскага пассавета. 15 мая 1963 года да пассавета далучана частка скасаванага Даўгердзішскага сельсавета.
23 студзеня 2014 года Юрацішскаўскі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет[1].
Насельніцтва пассавета паводле перапісу 2009 года (без Юрацішак) — 1413 чалавек[5], з іх 96,0 % — беларусы, 2,2 % — палякі[6].