wd wp Пошук:

Юліян Міхайлавіч Гронскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гронскі. Юліян Міхайлавіч Гронскі (1877, в. Чапялі, Ковенская губерня, цяпер Літва — пасля 1939) — каталіцкі царкоўны дзеяч. Быў адміністратарам Апостальскага вікарыята Заходняй Сібіры.

Біяграфія

Скончыў Мітрапалітальную духоўную семінарыю ў Пецярбургу. У 1903 прыняў сакрамент пасвячэння.

У 1906 выконваў абавязкі адміністратара талочынскай парафіі ў Аршанскім дэканаце. 3 11 красавіка 1906 па чэрвень 1909 працаваў у чачэрскай парафіі. У 1911-12 — рэзідэнт у парафіі Св. Альберта ў Рызе, а пазней (1912-15) — вікарый у рыжскай парафіі Маці Божай Балеснай. 3 1915 па 1917 служыў на пасадзе ваеннага капелана пры штабе 5-й рускай арміі. У 1917 стаў рэзідэнтам пры капліцы ў вёсцы Рэмні Віцебскага дэканата. У наступным годзе быў прызначаны архібіскупам Э. Ропам пробашчам іркуцкай парафіі (у 1917 у ёй налічвалася 5 тыс. вернікаў).

3-за перашкодаў, звязаных з грамадзянскай вайной, прыбыў у Іркуцк толькі ў 1920 годзе. Неўзабаве пераехаў у Томск, дзе не было душпастыра (у 1917 у томскай парафіі налічвалася 10 тыс. католікаў). У 1923 пераехаў у Андрэеўскі пасёлак каля Томска, дзе была каталіцкая капліца. Пасля зноў пераехаў у Томск і 1 лістапада 1926 стаў адміністратарам Апостальскага вікарыята Заходняй Сібіры. За ім быў устаноўлены нагляд ДПУ. Пад канец 1920-х г. ДПУ зрабіла амаль немагчымым выконванне кс. Гронскім душпастырскай працы па-за межамі Томска і яго ваколіц. У лютым 1929 кс. Гронскі выязджаў з Томска ў Беластоцкі пасёлак, дзе была капліца, і 2 лютага благаславіў у ёй шлюбы мясцовых католікаў.

Арыштаваны 25 красавіка 1931 у сваёй томскай кватэры ўпаўнаважаным томскага АДПУ Раманавым. Разам з ім былі арыштаваны некалькі чалавек з мясцовай «дваццаткі» (касцёльнага камітэта). Таксама былі праведзены арышты ў іншых населеных пунктах, куды наведваўся кс. Гронскі: у Барнауле, Омску, Новасібірску, Андрэеўскім пасёлку, Беластоцкім пасёлку. Ксёндз Гронскі быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, шпіянажы на карысць Польшчы, варожай агітацыі і захоўванні золата. Пасля следства, якое цягнулася амаль год, 7 сакавіка 1932 ён быў асуджаны на 10 гадоў лагера і 1 верасня гэтага ж года дастаўлены на Салаўкі. Быў вызвалены дзякуючы намаганням літоўскіх уладаў і 22 студзеня 1933 пакінуў СССР.

У пачатку 1934 знаходзіўся ў Рыме, адкуль вярнуўся ў Літву. У 1936-39 працаваў у Ковенскай дыяцэзіі душпастырам з правамі пробашча ў мясцовасці Панатарай Жайменскага дэканата, дзе існаваў філіял сясішкінскай парафіі. Быў віцэ-дэканам у Кракесе.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Постаці беларускага каталіцтва
Катэгорыя·Памерлі ў 1939 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1877 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ковенскай губерні
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра рэлігійных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Імператарскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі