Эган Шыле (ням.: Egon Schiele; 12 чэрвеня 1890, Тульн-на-Дунаі — 31 кастрычніка 1918, Вена) — аўстрыйскі жывапісец і графік, адзін з найзырчэйшых прадстаўнікоў аўстрыйскага экспрэсіянізму.
Маці — чэшка родам з паўднёвай Багеміі, горад Чэскі-Крумлаў. Бацька — венец, служыў на чыгунцы, памёр у 1905 годзе. Юнак выхоўваўся ў сям’і дзядзькі, Леапольда Чыхачэка. У 1906 годзе паступіў у Венскую школу мастацтваў і рамёстваў, потым перайшоў у Акадэмію выяўленчага мастацтва. З 1907 года знайшоў настаўніка і апекуна ў асобе Густава Клімта. У 1908 годзе адбылася першая выстава яго прац у мястэчку Клостэрнайбург пад Венай, дзе Шыле раней вучыўся ў школе. У 1909 годзе Клімт запрасіў Шыле ўдзельнічаць у выставе ў Мастацкай галерэі Вены, дзе яго працы размясціліся ў асяроддзі як работ самога Клімта, так і палотнаў Ван Гога, Эдварда Мунка і іншых мастакоў.
У 1911 годзе сяброўкай і мадэллю Шыле стала Валі Нойцыль. Пара збегла ад венскага багемнага жыцця ў Чэскі-Крумлаў, затым — у мястэчка Нойленгбах, дзе ў 1912 годзе Шыле быў арыштаваны па абвінавачванні ў разбэшчванні непаўналетняй, але яго віна не была даказана. Пры пяротрусе паліцыя выявіла ў яго некалькі дзясяткаў адкрытых малюнкаў, якія былі канфіскаваныя і абвешчаныя парнаграфічнымі. За гэтыя малюнкі мастака прыгаварылі да кароткачасовага турэмнага зняволення. Адным з апекуноў Шыле быў аўстрыйскі калекцыянер Генрых Бенеш, бацька будучага гісторыка мастацтваў Ота Бенеша.
У 1912—1916 гадах Шыле шырока і паспяхова ўдзельнічаў у розных выстаўках. Яго работы дэманстраваліся ў Вене, Будапешце, Мюнхене, Празе, Гамбургу, Штутгарце, Цюрыху, Хагене, Дрэздэне, Берліне, Рыме, Кёльне, Бруселі, Парыжы. У 1917 годзе ён вярнуўся ў Вену. Пасля смерці Клімта вясной 1918 года Шыле стаў прэтэндаваць на ролю найбуйнейшага мастака Аўстрыі.
Праз тры дні пасля смерці цяжарнай жонкі Эдыт памёр падчас эпідэміі іспанкі.