wd wp Пошук:

Чырвоны штраль

«Чырвоны штраль» — шосты студыйны альбом беларускага гурта Крамбамбуля. Альбом стаў даступны для праслухоўвання і бясплатнай запампоўкі 14 кастрычніка 2015 года на мульцілэйбле «Пяршак» інтэрнэт-часопіса 34mag.net. Па словах Лявона Вольскага гэта развітальны альбом Крамбамбулі, пасля якога група «сыдзе ў лясы і зоймецца партызанскай дзейнасцю»[1].

Пра альбом

Альбом «Чырвоны штраль» названы ў гонар аднайменнага кафэ, якое існавала ў пачатку XX стагоддзя ў Вільні. У гэтым кафэ любілі бываць прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Сярод гасцей установы былі ў тым ліку Янка Купала і браты Луцкевічы. У гэтым кафэ таксама адбываюцца падзеі адной з песень альбома[2][3]. Існуе легенда, што ў 1916 годзе менавіта ў гэтым кафэ адбылася сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты прыйшлі да высновы, што трэба арыентавацца не на аднаўленне Рэчы Паспалітай або Вялікага княства Літоўскага, а на стварэнне незалежнай Беларусі, што яны і паспрабавалі ажыццявіць у 1918 годзе пад сцягам БНР[4].

Альбом запісваўся ў 2014-2015 гадах у Вільні на студыі Ymir Audio, дзе перад гэтым быў запісаны сольны альбом Лявона «Грамадазнаўства». Саўнд-прадзюсарам таксама выступіў нарвежац Снорэ Бергеруд[1].

30 верасня 2015 года група прадставіла публіцы першую песню з альбома «То ня дудка». «За сваю гісторыю „Крамбамбуля“ была гламурнай, была дурняватай, а зараз сітуацыя прымусіла нас стаць больш сур’ёзнымі. Гэтая песня будзе адкрываць альбом, бо гэта кшталту прадмовы, уводзінаў у тэму. Яна аб тым, што сёння мы ладзім аттапырку, а заўтра, магчыма, трэба будзе ісці змагацца за родны край», — растлумачыў Лявон Вольскі[5]. Адначасова з выхадам альбома 14 кастрычніка выйшаў відэакліп на песню «Каб мы калі каму чаго», які зняў рэжысёр і даўні сябра гурта Мацвей Сабураў[3].

На альбоме 12 кампазіцый. Апроч іншага, альбом уключае кавер-версію песні «Партызанская» гурта N.R.M. з альбома «Одзірыдзідзіна» 1996 года. Гэтая песня была першым сур’ёзным хітом N.R.M.[6] Песня «Я страляў у міліцыянта» ўяўляе сабой вольнае пераасэнсаванне песні Боба Марлі «I Shot the Sheriff»[7].

Паколькі Крамбамбуля ўваходзіла ў неафіцыйны спіс забароненых у Беларусі музыкаў, канцэрт-прэзентацыя новага альбома прайшла ў Вільні 7 лістапада 2015 года. Як звычайна ў падобных выпадках амбасада Літвы выдавала бясплатныя візы на некалькі дзён для грамадзян Беларусі пры прад’яўленні квітка на канцэрт[3][8].

Трэкліст

Назва Працягласць
1. «То ня дудка» 3:31
2. «Франя» 2:17
3. «Глёрыя» 3:22
4. «Сэрца паўстанца» 3:06
5. «Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць!» 3:56
6. «Я страляў у міліцыянта» 3:31
7. «Чырвоны штраль» 3:20
8. «Мама, не журыся» 3:11
9. «Ваенныя песьні» 2:37
10. «Партызанская» 3:40
11. «Каб мы калі каму чаго» 2:01
12. «Свабоду не стрымаць» 4:35
39:07

Удзельнікі запісу

Рэцэнзіі

Прафесійнымі крытыкамі альбом быў сустрэты пазітыўна, на сайце Experty.by яго сярэдні бал 8,5 з 10. Большасць экспертаў сышлося ў меркаванні, што гэта альбо лепшы, альбо адзін з лепшых альбомаў групы. Таксама ўсе адзначылі змяненне тэматыкі песень. Яна стала больш сур’ёзнай, група у гэтай працы адышла ад сваёй звычайнай застольна-алкагольнай лірыкі.

Што ж тычыцца партызанскай тэмы альбома, то Ягор Цывілька адзначыў: «Тэма партызанкі на „Чырвоным штралі“ раскрываецца без маралізатарства і гераізацыі барацьбы. Усё, як у жыцці, дзе вайна і смерць суіснуюць з каханнем, танцамі і смехам. У выніку героі песень успрымаюцца выпуклымі, жывымі, нармальнымі людзьмі, а не шаблоннымі барацьбітамі з плакатаў і фільмаў».[9]

Зноскі

  1. 1 2 «Чырвоны штраль» — развітальны альбом «Крамбамбулі» на 34mag
  2. «Чырвоны Штраль»: премьера прощального альбома «Крамбамбули» Архівавана 16 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 3 «Крамбамбуля» приглашает в Вильнюс на презентацию нового альбома / Naviny.by
  4. «Крамбамбуля» презентует в Вильнюсе последний альбом Архівавана 29 кастрычніка 2015.
  5. «Крамбамбуля» показала первую песню из последнего альбома Архівавана 3 лістапада 2015.
  6. N.R.M. «Одзірыдзідзіна» | Experty.by — белорусская музыка
  7. Будзьма беларусамі!
  8. Фоторепортаж: Крамбамбуля сыграла последний концерт Архівавана 6 сакавіка 2017.
  9. Крамбамбуля «Чырвоны штраль» (+аўдыё) | Experty.by — белорусская музыка

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Альбомы «Крамбамбулі»
Катэгорыя·Альбомы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Альбомы 2015 года
Катэгорыя·Артыкулы без выяў (тып: музычны альбом)
Катэгорыя·З’явіліся ў 2015 годзе