«Чырвоны штраль» — шосты студыйны альбом беларускага гурта Крамбамбуля. Альбом стаў даступны для праслухоўвання і бясплатнай запампоўкі 14 кастрычніка 2015 года на мульцілэйбле «Пяршак» інтэрнэт-часопіса 34mag.net. Па словах Лявона Вольскага гэта развітальны альбом Крамбамбулі, пасля якога група «сыдзе ў лясы і зоймецца партызанскай дзейнасцю»[1].
Альбом «Чырвоны штраль» названы ў гонар аднайменнага кафэ, якое існавала ў пачатку XX стагоддзя ў Вільні. У гэтым кафэ любілі бываць прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Сярод гасцей установы былі ў тым ліку Янка Купала і браты Луцкевічы. У гэтым кафэ таксама адбываюцца падзеі адной з песень альбома[2][3]. Існуе легенда, што ў 1916 годзе менавіта ў гэтым кафэ адбылася сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты прыйшлі да высновы, што трэба арыентавацца не на аднаўленне Рэчы Паспалітай або Вялікага княства Літоўскага, а на стварэнне незалежнай Беларусі, што яны і паспрабавалі ажыццявіць у 1918 годзе пад сцягам БНР[4].
Альбом запісваўся ў 2014-2015 гадах у Вільні на студыі Ymir Audio, дзе перад гэтым быў запісаны сольны альбом Лявона «Грамадазнаўства». Саўнд-прадзюсарам таксама выступіў нарвежац Снорэ Бергеруд[1].
30 верасня 2015 года група прадставіла публіцы першую песню з альбома «То ня дудка». «За сваю гісторыю „Крамбамбуля“ была гламурнай, была дурняватай, а зараз сітуацыя прымусіла нас стаць больш сур’ёзнымі. Гэтая песня будзе адкрываць альбом, бо гэта кшталту прадмовы, уводзінаў у тэму. Яна аб тым, што сёння мы ладзім аттапырку, а заўтра, магчыма, трэба будзе ісці змагацца за родны край», — растлумачыў Лявон Вольскі[5]. Адначасова з выхадам альбома 14 кастрычніка выйшаў відэакліп на песню «Каб мы калі каму чаго», які зняў рэжысёр і даўні сябра гурта Мацвей Сабураў[3].
На альбоме 12 кампазіцый. Апроч іншага, альбом уключае кавер-версію песні «Партызанская» гурта N.R.M. з альбома «Одзірыдзідзіна» 1996 года. Гэтая песня была першым сур’ёзным хітом N.R.M.[6] Песня «Я страляў у міліцыянта» ўяўляе сабой вольнае пераасэнсаванне песні Боба Марлі «I Shot the Sheriff»[7].
Паколькі Крамбамбуля ўваходзіла ў неафіцыйны спіс забароненых у Беларусі музыкаў, канцэрт-прэзентацыя новага альбома прайшла ў Вільні 7 лістапада 2015 года. Як звычайна ў падобных выпадках амбасада Літвы выдавала бясплатныя візы на некалькі дзён для грамадзян Беларусі пры прад’яўленні квітка на канцэрт[3][8].
№ | Назва | Працягласць | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1. | «То ня дудка» | 3:31 | |||||||
2. | «Франя» | 2:17 | |||||||
3. | «Глёрыя» | 3:22 | |||||||
4. | «Сэрца паўстанца» | 3:06 | |||||||
5. | «Гэй, ліцьвіны, Бог нам радзіць!» | 3:56 | |||||||
6. | «Я страляў у міліцыянта» | 3:31 | |||||||
7. | «Чырвоны штраль» | 3:20 | |||||||
8. | «Мама, не журыся» | 3:11 | |||||||
9. | «Ваенныя песьні» | 2:37 | |||||||
10. | «Партызанская» | 3:40 | |||||||
11. | «Каб мы калі каму чаго» | 2:01 | |||||||
12. | «Свабоду не стрымаць» | 4:35 | |||||||
39:07 |
Прафесійнымі крытыкамі альбом быў сустрэты пазітыўна, на сайце Experty.by яго сярэдні бал 8,5 з 10. Большасць экспертаў сышлося ў меркаванні, што гэта альбо лепшы, альбо адзін з лепшых альбомаў групы. Таксама ўсе адзначылі змяненне тэматыкі песень. Яна стала больш сур’ёзнай, група у гэтай працы адышла ад сваёй звычайнай застольна-алкагольнай лірыкі.
Што ж тычыцца партызанскай тэмы альбома, то Ягор Цывілька адзначыў: «Тэма партызанкі на „Чырвоным штралі“ раскрываецца без маралізатарства і гераізацыі барацьбы. Усё, як у жыцці, дзе вайна і смерць суіснуюць з каханнем, танцамі і смехам. У выніку героі песень успрымаюцца выпуклымі, жывымі, нармальнымі людзьмі, а не шаблоннымі барацьбітамі з плакатаў і фільмаў».[9]