wd wp Пошук:

Чанэ

Чанэ (саманазва Chané) — індзейскі народ у Паўднёвай Амерыцы. У мінулым насялялі ўсходнія перадгор’і Анд і рэгіён Гран-Чака. Былі асіміляваны з боку чырыгуана і мбая-гуайкуру, пры гэтым страцілі родную мову аравакскага паходжання. На поўначы Аргенціны захавалася група чанэ, якая захоўвае сваю асобную тоеснасць і размаўляе на гуарані. Агульная колькасць (2021 г.) — 4 800 чалавек[1].

Гісторыя

Чанэ з’яўляюцца нашчадкамі аравакскага насельніцтва, якое ў старажытнасці заняло ўрадлівыя даліны усходніх перадгор’яў Анд. Сучасная назва паходзіць ад аравакскага слова achane (чалавек)[2]. Продкі чанэ займаліся ручным земляробствам, выраблялі выдатную кераміку і будавалі ўздоўж рэк вялікія круглявыя хаціны для пашыраных сем’яў. У пачатку XVI ст. яны трапілі пад уплыў дзяржавы інкаў. Аднак пасля яе заваявання іспанцамі ва ўсходнія перадгор’і ўварваліся плямёны гуарані-чырыгуана. Іспанцы паведамлялі, што чырыгуана заваявалі або выціснулі чанэ на раўніны Гран-Чака. У XVII ст. большая частка чанэ ўжо была рабамі чырыгуана. Усходняя група чанэ, вядомая як гуана, перасялілася бліжэй да ракі Парана і трапіла ў залежнасць ад качэўнікаў мбая.

Умовы падпарадкавання чанэ заваёўнікам былі розныя. Іспанцы паведамлялі, што адносіны мбая да падпарадкаваных былі надзвычай лагоднымі. Яны атрымоўвалі ад гуана даніну, а наўзамен абаранялі іх ад іншых індзейцаў і еўрапейцаў. Дазваляліся шлюбы паміж правадырамі гуана і жанчынамі-мбая. У XVIII ст. мбая і гуана перабраліся на левы бераг Параны. Гуана прынялі васалітэт у адносінах да партугальскай кароны і пасяліліся на тэрыторыі Бразіліі. Іх нашчадкамі з’яўляецца народ тэрэна.

Чырыгуана лічыліся асабліва жорсткімі ў дачыненні да аравакаў, практыкавалі канібалізм падчас заваявання. Падначаленыя чанэ былі вымушаны выплочваць даніну прадуктамі земляробства, аддаваць сваіх жанчын і дзяцей. Хаця чырыгуана таксама займаліся земляробствам, яны не будавалі сталыя паселішчы, вандравалі і часам спыняліся ў вёсках чанэ, бралі ў шлюб іх жанчын. Такім чынам адбывалася паступовая асіміляцыя аселых аравакаў. Цікавым прыкладам асіміляцыі з’яўляецца група індзейцаў ізасеньё на ўсходзе Балівіі. Яны захоўваюць многія традыцыі, не характэрныя для гуарані. У 1980-х гг. некаторыя старэйшыны памяталі аравакскую мову чанэ. Але ізасеньё лічаць сябе часткай гуаранійскага народа ава.

У канцы XIX — пачатку XX ст. многія выхадцы з усходняй Балівіі эмігравалі ў Аргенціну ў пошуках працы. Менавіта так там сфарміравалася супольнасць чанэ, якія адрознівалі сябе ад чырыгуана, але размаўлялі на мове гуарані. У 1995 г., калі чанэ былі афіцыйна прызнаны ўладамі Аргенціны ў якасці карэннага народа, яны складалі 8 абшчын у правінцыях Сальта і Жужуй.

Зноскі

  1. Chane in Argentina
  2. Alconini, S. El Cementerio Prehispánico de Incahuasi: Una mirada desde la vertiente Oriental de los Andes del Sur. — P. 24

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Гуарані
Катэгорыя·Народы Аргенціны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Аравакі