Цераба́ўля — возера ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Обаль, за 22 км у напрамку на паўночны захад ад горада Гарадок, за 1,7 км на поўдзень ад вёскі Кісялі, прыкладна за 1,2 км на паўночны захад ад аграгарадка Селішча.
Плошча паверхні возера 0,17 км². Даўжыня 0,75 км, найбольшая шырыня 0,35 км, даўжыня берагавой лініі 1,98 км. Плошча вадазбору 2,5 км².
Схілы катлавіны спадзістыя, вышынёй 3—4 м. Возера акружана забалочанай поймай. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія і пясчаныя, на паўночным захадзе забалочаныя. Ручаём злучаецца з возерам Верына.