Хо́наўскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Малое Хонава.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Коцінскі сельсавет у складзе Магілёўскага раёна Магілёўскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Коцін. 21 жніўня 1925 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Хонава, сельсавет перайменаваны ў Хонаўскі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Магілёўскім раёне БССР, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці. Пад час Другой сусветнай вайны з ліпеня 1941 года да чэрвеня 1944 года акупіраваны нямецкімі войскамі. 16 ліпеня 1954 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Дасовіцкага сельсавета[1].
21 ліпеня 1956 года цэнтр Дасовіцкага сельсавета перанесены ў вёску Хонава, сельсавет перайменаваны ў Хонаўскі. 22 ліпеня 1960 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад новаўтворанага Бокатаўскага сельсавета[2].
4 чэрвеня 1965 года цэнтр Бокатаўскага сельсавета перанесены ў вёску Малое Хонава, а сельсавет перайменаваны ў Хонаўскі[3]. 4 чэрвеня 1973 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Завадская Слабада, сельсавет перайменаваны ў Заводскаслабодскі[4].