wd wp Пошук:

Хартыя 77

Хартыя-77 (Charta 77) — праграмны дакумент, што стаў асноваю для фарміравання групоўкі палітычных дысідэнтаў у Чэхаславакіі, якая праіснавала з 1976 да 1992 г. Яе заснавальнікі (Вацлаў Гавел, Іржы Дынстбір, Здэнек Млынарж, Іржы Гаек, Павел Когаўт) сталі значнымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі ў краіне пасля Аксамітнай рэвалюцыі 1989 г. Філосаф Ян Патачка, які адзін з першых падпісаў хартыю, быў арыштаваны ў 1977 г. і памёр падчас допыту.

Прынцып Хартыі 77 быў закладзены на тым, каб дабівацца ад камуністычнага рэжыму ўсяго таго, што ён дэклараваў на словах. Так, у першым дакуменце яго аўтары патрабавалі, каб тагачасная ўлада выконвала Канстытуцыю ЧССР, паважала правы чалавека, як да таго абавязалася паводле падпісанага Хельсінкскага пакту[1].

Гісторыя

Асноўнай перадумовай з’яўлення «Хартыі 77» была ратыфікацыя двух міжнародных пактаў уладамі ЧССР: Міжнароднага пакту аб палітычных і грамадзянскіх правах і Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Абодва пакты Чэхаславакія падпісала ў 1968 г., але менавіта пасля ратыфікацыі яны сталі часткай дзяржаўнай прававой сістэмы і далі магчымасць «Хартыі 77» патрабаваць ад улады простых рэчаў — паважаць законы, якія яна сама прыняла[2].

Узнікненне Хартыі прыспешыў судовы працэс супраць рок-гурта «Plastic People of the Universe» з-за выкарыстання англійскіх тэкстаў і назвы гурту, а таксама паказ рэпертуару не ўхваленага адмысловай камісіяй. Гэта выклікала розгалас у значнай меры паралізаваным грамадстве. Пачалі адбывацца акцыі салідарнасці, сустракаліся раней незнаёмыя людзі.

У 1976 годзе музыкі былі абвінавачаны ў злачынным дармаедстве і пасаджаныя ў турму. Крытыкі рэжыму рознай ідэйнай скіраванасці і прыхільнікі асуджаных музыкантаў сабраліся разам у калідоры пражскага суда на Малай Стране, каб досыць гучна заявіць свой пратэст супраць абсурднага судовага пакарання. Суровыя прысуды сталі апошнім штуршком да ўзнікнення грамадскай ініцыятывы, названай Хартыя-77, якая была дэкларавана 1 студзеня 1977 года.[3].

Хартыя стала адным з першых усходнееўрапейскіх рухаў, яе апярэдзілі хіба польскі КОР і хельсынскія аб’яднанні, што дзейнічалі ў Савецкім Саюзе. Тыя рухі былі вядомыя заснавальнікам Хартыі і часткова сталі для іх прыкладам[2].

Разам з імёнамі 242 падпісантаў Хартыя была надрукавана 6 студзеня 1977. Пачаліся арышты і канфіскацыя арыгіналаў Хартыі, але яе копіі працягвалі хадзіць па руках. 7 студзеня тэкст хартыі надрукавалі некалькі буйных СМІ Еўропы і ЗША. Да канца 1977 года Хартыю падпісалі 800 чалавек, шмат хто з іх пасля эміграваў. Яе падпісанта адразу звальнялі з працы[3].

Амаль адначасова чэхаславацкія камуністычныя ўлады выдалі Антыхартыю, якую прымусілі падпісаць многіх знакамітых людзей.

Пазней, з-за рэпрэсій пад устаноўчай дэкларацыяй Хартыі свае подпіркіай подпісы ставілі ўсяго пару дзясяткаў чалавек за год, такім чынам, яе дзейнасць была значна падарваная, нават практычна паралізаваная, і ў паасобных падпісантаў нават з’яўляліся думкі пра поўнае спыненне яе чыннасці[3].

Сітуацыя змянілася ў сярэдзіне васьмідзясятых, калі большасць удзельнікаў супраціву выйшла з вязніцы і далучылася да падпольнай дзейнасці, а рэжым у сувязі са зменамі ў Савецкім Саюзе паслабіў свае рэпрэсіі.

У студзені 1987 г., яе паўнамоцныя прадстаўнікі падпісалі два дакументы: «Слова да суграмадзян» і «Ліст да падпісантаў Хартыі 77». Калі ў сваёй папярэдняй дзесяцігадовай гісторыі Хартыя звярталася да ўладнага рэжыму, то «Слова да суграмадзян» — першая спроба звярнуцца да ўсяго грамадства, заклікаць яго да пераадолення страху і актыўнага дзеяння. «Ліст да падпісантаў», які падводзіць вынікі папярэдняга існавання Хартыі, звяртае ўвагу на праблемы ўзнікнення «актыўнага ядра» і «пасіўнай большасці», на складанасці камунікацыі з няпражскімі падпісантамі, на «адсутнасць якіх-небудзь цвёрдых правілаў», на дакладней не акрэсленую праблему «пакаленняў» і некаторыя іншыя[3].

У 1987 годзе сябры Хартыі падалі ў дзяржаўныя органы заяву аб правядзенні 10 снежня маніфестацыі да дня правоў чалавека. Хартыя праз дзесяць гадоў сваёй дзейнасці афіцыйна склікала першую дэманстрацыю, на якой, хоць тая і была забаронена тагачасным Раённым нацыянальным камітэтам, упершыню з 1969 г. сабраліся больш як тысяча чалавек.

Вынікі

Паводле пазнейшай ацэнкі Вацлава Гавела, аднаго з ініцыятараў Хартыі, яна стала мадэллю як супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму, які мае ў руках усе сілавыя механізмы[1].

Лік падпісантаў Хартыі 77

Кіраўнікі Хартыі

У адпаведнасці з усталяваным звычаем, кожны паўнамоцны прадстаўнік Хартыі прапаноўваў свайго пераемніка на наступны год.

Літаратура

Зноскі

  1. 1 2 “Хартыя 77 і Хартыя 97: беларусы, як і чэхі, дачакаюцца перамен”(бел.) . Радыё Свабода? 10.01.2007.
  2. 1 2 Хартыя-77 — непаўторны досвед(недаступная спасылка) Ганна Шабатава, ARCHE
  3. 1 2 3 4 Андэграўнд і Хартыя-77 Архівавана 4 сакавіка 2016., Любаш Веселы, ARCHE №7-8-2006
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Дысідэнты Чэхаславакіі
Катэгорыя·Хартыя 77
Катэгорыя·Гісторыя Чэхаславакіі
Катэгорыя·Падпісанты Хартыі 77
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі