Фрыдрых Вільгельм Аўгуст Фробель або Фрэбель[5] (ням.: Friedrich Wilhelm August Fröbel, 21 красавіка 1782, Обервайсбах, Германія — 21 чэрвеня 1852) — нямецкі педагог.
Скончыў Гётынгенскі і Берлінскі ўніверсітэты (1813).
Ствараў выхавальныя ўстановы для дзяцей дашкольнага ўзросту ў вёсках Цюрынгіі. У 1833—1840 гадах узначальваў сіроцкі прытулак у г. Бургдорф. У 1851 годзе гэтыя ўстановы зачынены ўладамі, а Фробель абвінавачаны ў прапагандзе сацыялістычных ідэй і атэізму.
На яго погляды паўплывалі педагагічная канцэпцыя І. Г. Песталоці, ідэі нямецкай класічнай філасофіі.
Адстойваў прынцыпы даступнасці адукацыі для ўсіх дзяцей і дэмакратычны падход да адукацыйнай палітыкі. Лічыў, што ўсебаковае развіццё асобы магчыма, калі педагагічны працэс накіраваны на стварэнне непарыўных сувязей паміж мысленнем і дзеяннем, пазнаннем і ўчынкамі, ведамі і ўменнямі. Развіццё здольнасцей чалавека звязваў з яго працоўнай дзейнасцю.
Распрацаваў тэорыю гульні і методыку рухавых гульняў. Яго канцэпцыя паўплывала на вылучэнне дашкольнай педагогікі ў самастойную педагагічную дысцыпліну; сістэма выхавання стала пашыранай ў краінах Заходняй Еўропы, ЗША, Расіі і інш. У 1871—1917 гадах дзейнічалі Петраградскія фробелеўскія курсы, у 1908—1917 гадах — Фробелеўскі жаночы педагагічны інстытут у Кіеве.