wd wp Пошук:

Франчэска II Ганзага

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ганзага.

Франчэска II Ганзага (італ.: Francesco II Gonzaga; 10 жніўня 1466 — 29 сакавіка 1519) — італьянскі кандацьер, маркіз Мантуі, муж Ізабелы д’Эстэ, каханы яе ятроўкі Лукрэцыі Борджыя.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Мантуі, быў старэйшым сынам маркіза Федэрыка I Ганзага і Маргарыты Баварскай.

Пачаў ваенную кар’еру кандацьера, быў капітанам на службе Міланскага герцага ў 1483, 1485 і 1486 гадах. Узначальваў атрады Венецыі з мая 1489 па 1498 гады, войскі італьянскай лігі ў бітве пры Фарнова, зрэшты, кіруючыся саветамі свайго больш вопытнага дзядзькі Рыдольфа Ганзага. Хоць перамога была невыразнай, яна ўсё ж прывяла да таго, што войска Карла VIII Французскага адступілі назад за Альпы.

Яго апісваюць так: «Невысокі, вірлавокі, кірпаты і неверагодна храбры, лепшы рыцар Італіі».

Пазней ён накіраваў сваю зброю ўжо супраць венецыянцаў, узначаліўшы Свяшчэнную лігу, створаную супраць іх Папам Юліем II. Выпадкова ён быў захоплены іх войскамі і ўтрымліваўся некалькі месяцаў у якасці закладніка, падвяргаючыся абразам. Вызвалены ён быў дзякуючы клопатам Папы Рымскага і быў вымушаны аддаць наўзамен у закладнікі свайго маленькага сына. Гэта выклікала яго бясконцую варожасць да гэтага горада, і пазней ён адпрэчваў любыя прапановы венецыянцаў ізноў узначаліць іх войскі.

У 1499 годзе паступіў на службу да французскага караля Людовіку XII і быў ім ганараваны ордэнам Св. Міхаіла, стаў лейтэнантам-генералам на службе французаў у Неапалітанскім каралеўстве ў жніўні 1503 года, лейтэнантам Рымскай Царквы ў 1506 годзе, главой ордэна Св. Міхаіла ў чэрвені 1507 года, ганфаланьерам Рымскай царквы ў 1510 годзе.

Франчэска II Ганзага перад Мадоннай. Фрагмент карціны Мантэньі.

Падчас яго адсутнасці Мантуя кіравалася яго жонкай Ізабелай д’Эстэ, на якой ён жаніўся 12 лютага 1490 года, аднавіўшы традыцыйны альянс паміж д’Эстэ і Ганзага. Пад кіраваннем гэтай пары Мантуя набыла вялікае культурнае значэнне і бляск дзякуючы запрашэнню ў горад такіх мастакоў, як Мантэнья і Банакольсі. Па загадзе Франчэска быў адбудаваны Палацца дзі Сан Себасцьяна, дзе пазней размясціўся «Трыумф Цэзара» пэндзля Мантэньі.

Быў у любоўнай перапісцы з Лукрэцыяй Борджыяй, жонкай брата Ізабелы д’Эстэ, мяркуюць, што іх адносіны не выйшлі з катэгорыі платанічных.

Сканаў ад сіфілісу, падхопленага ў прастытутак у 1512 годзе. Яго спадчыннікам стаў яго сын Федэрыка, пры якім Ізабела кіравала як рэгент. Яго іншы сын, Ферантэ, стаў родапачынальнікам галіны графаў Гуастаа.

Імператарская інвестытура маркізата пацверджана ў 1485 і 1494 гадах.

Зноскі

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Маркграфы мантуанскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мантуі
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 жніўня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1519 годзе
Катэгорыя·Ганзага
Катэгорыя·Ганфаланьеры (Капітан-генералы) Царквы
Катэгорыя·Памерлі ў Мантуі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Ламбардыі
Катэгорыя·Удзельнікі Італьянскіх войнаў
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Міхаіла (Францыя)
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 29 сакавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1466 годзе
Катэгорыя·Кандацьеры