wd wp Пошук:

Францішак Сымонавіч Грынкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грынкевіч. Не блытаць з Францішак Грышкевіч. Францішак Сымонавіч Грынкевіч (5 кастрычніка 1884, в. Новы Двор, Сакольскі павет, Гродзенская губерня, цяпер Падляшскае ваяводства Польшчы — 26 ліпеня 1933, Гродна) — каталіцкі святар, грамадскі дзеяч. Брат урача-псіхіятра і беларускага грамадскага дзеяча Станіслава Грынкевіча.

Біяграфія

Нарадзіўся ў мястэчку Новы Двор Сакольскага павета ў сялянскай сям’і. Брат Станіслава Грынкевіча. Б. Грабінскі, які добра ведаў абодвух братоў, узгадваў іх, як «людзей глубока думаючых, замкнутых у сабе, схільных да містыцызму і філасофіі, з моцнай верай у сэнсе рэлігійным, затое з малым нахілам да таварыскага жыцця»[1].

Пачатковую адукацыю атрымаў у Навадворскай народнай школе. Скончыў гімназію ў Гродне. У 1901—1905 гадах вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, у 1905—1907 гадах — у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. На адной са студэнцкіх сходак 18 снежня 1905 года выступіў з рэфератам прысвечаным беларускаму нацыянальнаму руху[1].

З 1 верасня 1906 года працягваў навучанне за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пасвечаны ў святары ў 1907 годзе. У 1907—1909 гадах слухач універсітэтаў у Інсбруку і Мюнхене; кандыдат філасофіі. Будучы за мяжой, разам з кс. А. Лісоўскім і Г. Салянкай стварыў невялічкі беларускі гурток. Падтрымліваў сувязі з І. Луцкевічам[1].

З 1909 года Ф. Грынкевіч распачаў душпастарскую дзейнасць вікарыям Гродзенскай фары і Бернардзінскага касцёла[1]. З таго ж года выкладаў закон божы ў Гродзенскай гімназіі, дзе стаў на чале Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Паводле А. Станкевіча, «асоба Францука Грынкевіча ў Гародні была цэнтральнай і адзінай, якая будзіла там і арганізавала беларускі рух». Ксёндз Ф. Грынкевіч адным з першых перадаў у фонд бібліятэкі гуртка са сваіх уласных збораў «Люд беларускі» М. Федароўскага. Разам з А. Бычкоўскім і Л. Сівіцкай вясной 1910 года ездзіў дамаўляца аб правядзенні беларускай вечарыны ў маёнтку Крыштафарава. На іменіны кс. Грынкевіча ў кастрычніку 1911 года малодшая секцыя Гуртка паставіла спяктакль «Пастушок»[1].

З 1910 года — прэфект прыватных і прафесійных школаў у Гродне[1]. З 1911 года капелан Брыгіцкага касцёла. Супрацоўнічаў з беларускай каталіцкай газетай «Biełarus», якая выдавалася ў Вільні ў 1913—1915 гадах[1]. Пісаў сам у газету і намаўляў пісаць кс. У. Талочку[1].

У час нямецкай акупацыі ў 1915—1919 гадах апекаваўся вязнямі Гродзенскай турмы. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі польскага школьніцтва. 18 студзеня 1916 года адчыніў у Гродне польскую школу. Член Гродзенскага аддзела Польскай мацежы школьнай[pl]. Летам 1919 года выкладаў на польскіх настаўніцкіх курсах у Гродне. У 1917 годзе садзейнічаў арганізацыі першай у Гродне польскай скаўцкай дружыны імя Стэфана Баторыя. А. Луцкевіч у дзённіку за студзень 1919 года адзначыў: «Ксёндз Грынкевіч сапраўдным палякам стаў і ўсю злосць сваю да беларусаў тлумачыць тым, што яны сацыялісты»[1].

З 1920 года быў прэфектам Гродзенскай гарадской гімназіі імя А. Міцкевіча. Пад час існавання ў Гродне летам 1920 года савецкай улады хаваўся ад арышту. Пасля паўторнага заняцця горада польскім войскам у верасні 1920 года правёў разам з палявым капеланам першую службу ў мясцовым касцёле. Паводле «Komunikatu defenzywy» за красавік-май 1921 года, прэфект польскай гімназіі кс. Ф.Грынкевіч казаў дзецям, што «хаця часова яны павінны вучыцца па-польску, аднак яны з’яўляюцца беларусамі»[1].

Адам Станкевіч у той час пісаў[1]:

Рэвалюцыя і вайна, а ў іх выніку ўваскрашэнне Польшчы, стварылі цалкам новыя варункі і новыя заданні беларускай справе, да якіх дастасавацца і сярод якіх актыўна працаваць кс. Ф.Грынкевіч ужо не патрапіў, бо з’явіўся факт змагання з палякамі, а яны-ж яшчэ ўчарайшыя яго саюзнікі. Пры тым трэба ствердзіць, што ён не цалкам яшчэ ў сваей нацыянальнай свядомасці быў вызваліўшыся з польскай стыхіі. Нейкія духоўныя ніці злучалі яго беларускае сэрца з польшчызнай і балела яму, калі іх рвалі беларусы. І ён сваю працу спыніў. Прадваенная ж яго беларуская праца — гэта прыгожае бачанне ў гісторыі беларускага культурнага адраджэння, запісаннае беларускім каталіцкім ксендзом, а змест якого хрэсціянскі і беларускі народніцкі.

Прымаў удзел у выданні першага беларускага каталіцкага малітоўніка «Бог з намі»[1]. Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую «Часіны Прачыстай Дзевы».

З 1930 года быў прабошчам парафіі ў Гожы, а з 1932 года — рэктарам касцёла і капеланам назарэцянак у Гродне. Ягоным імем у сярэдзіне 1930-х гадоў была названа адна з гродзенскіх вуліц[1].

Пахаваны побач капліцы на старых каталіцкіх могілках побач з капліцай.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 Бернардзінскі касцёл

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Сакольскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Памерлі 26 ліпеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1884 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя на Фарных могілках
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра рэлігійных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Постаці беларускага каталіцтва
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Выпускнікі Імператарскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 кастрычніка
Катэгорыя·Памерлі ў Гродне
Катэгорыя·Памерлі ў 1933 годзе
Катэгорыя·Асобы