Франсуа Энглер (фр.: François Englert, нар. 6 лістапада 1932) — бельгійскі фізік-тэарэтык, які спецыялізуецца ў галіне статыстычнай фізікі, квантавай тэорыі поля, касмалогіі, тэорыі струн і супергравітацыі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы за 2013 сумесна з Пітэрам Хігсам за адкрыццё базона Хігса.
Франсуа Энглер нарадзіўся ў 1932 годзе ў Этэрбеке (адзін з раёнаў Бруселя) у яўрэйскай сям’і. Падчас нацысцкай акупацыі Бельгіі Энглер, хаваючы сваё яўрэйскае паходжанне, жыў у розных сірочых прытулках і дзіцячых дамах бельгійскіх гарадоў Дзіна, Люстэн, Стумон і, Анвуа-Руён, дзе быў вызвалены амерыканскімі войскамі.
У 1955 годзе Энглер скончыў франкамоўны Брусельскі свабодны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынера-электрамеханіка. Там жа ў 1959 годзе атрымаў ступень PhD ў галіне фізікі. З 1959 па 1961 гады працаваў у Карнельскім універсітэце, быўшы спачатку асістэнтам Роберта Браута, а потым у якасці ад’юнкт-прафесара. Пасля Энглер вярнуўся ў Брусельскі ўніверсітэт, дзе атрымаў прафесарскую пасаду. У 1980 годзе ён сумесна з Робертам Браутам сфармаваў даследчую групу. У 1998 годзе Энглер атрымаў пасаду ганаровага прафесара.
З 2011 года ён займае пасаду запрошанага прафесара ў Чэпменскім універсітэце ў Каліфорніі. Акрамя таго, з 1984 года ён з’яўляецца прафесарам каледжа фізікі і астраноміі Тэль-Авіўскага універсітэта.