Барон Франсуа Паскаль Сімон Жэрар (франц. François Pascal Simon, Baron Gérard; 4 мая 1770 — 11 студзеня 1837) — французскі мастак эпохі ампіру, вядучы партрэтыст напалеонаўскага двара, трымальнік моднага салона.
Вывучаў скульптуру пад кіраўніцтвам Агюстэна Пажу, але паказаўшы здольнасць не столькі да гэтага мастацтва, колькі да жывапісу, перайшоў у памочнікі да Ж.-Л. Давіда. У 1793 годзе па рэкамендацыі Давіда назначаны членам рэвалюцыйнага трыбунала. Пасля з лёгкасцю мяняў палітычных апекуноў, якія былі ў захапленні ад яго таварыскасці і абыходлівасці.
Першымі карцінамі Жэрара, якія звярнулі ўвагу знатакоў класіцызму, былі партрэт мініяцюрыста Ж.-Б. Ізабэ (1795), «Велізарый» таго ж года і «Першы пацалунак Амура і Псіхеі» (1798). У часы Першай імперыі Жэрар атрымаў тытул барона і бліскучую рэпутацыю, якая, аднак, значна згасла яшчэ пры яго жыцці. Пачынаючы з луўрскага партрэта Жазефіны Багарнэ (1799) ён стварыў шырокую галерэю дзеячаў Першай імперыі і Рэстаўрацыі. Таксама ўслаўляў ваенныя подзвігі Напалеона, пісаў маштабныя палотны ў батальным жанры. У чвсы Карла X упрыгожыў плафон Пантэона.
Як майстар халоднага, пралічанага класіцызму Жэрар ішоў па слядах свайго настаўніка Давіда. Тэкстуры на яго палотнах заўсёды старанна прапрацаваны, формы мадэліраваны з дакладнасцю скульптара, эмоцыі зведзены да мінімуму. Яго партрэты элегантней за партрэты Давіда, многія ўяўляюць сабой ідэал салоннай грацыі пачатку XIX стагоддзя.
Сярод яго вучняў — Л. Хорыс.