Ураніні́т — мінерал класа аксідаў, радыеактыўны акcід урану, UO2. Адзін з галоўных рудных мінералаў урану.
Утрымлівае ў сваім складзе 86,86 % урану, прымешкі радыю, актынію, палонію, торыю, свінцу, гелію і іншых элементаў. Склад некаторых разнавіднасцей (напрыклад, уранавых чэрняў) набліжаецца да U3O8.
Мінерал чорнага, зеленавата-чорнага, радзей фіялетавага колеру з паўметалічным смаляным бляскам. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Цвёрдасць 6—7 па шкале Моаса. Шчыльнасць 8—10 г/см³. Утварае крышталі, крышталічныя і нацечныя агрэгаты — настуран, уранавая смолка, зямлістыя і парашковыя масы — уранавая чэрнь, уранавая вохра. Добра раствараецца ў азотнай і сернай кіслаце, дрэнна ў салянай.
Найбольш буйныя радовішчы уранініту ў Расіі, Канадзе, ПАР, ЗША, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Індыі. Таксама радовішчы на Украіне, ў Германіі і Чэхіі (Рудныя горы), Казахстане.