Ульрыка Фрэдрыка Паш (шведск.: Ulrika Fredrika Pasch; 10 ліпеня 1735, Стокгольм — 2 красавіка 1796) — шведская мастачка, партрэтыстка і мініяцюрыстка жанра ракако, член Шведскай Каралеўскай акадэміі свабодных мастацтваў.
Нарадзілася ў сям’і шведскага мастака-партрэтыста Лорэнца Паша Старэйшага (1702—1766) і Ганны Хелены Бэкман. Дзед, мастак Данкварт Паш пераехаў у Стакгольм з Любека і валодаў мастацкай студыяй. Пасля яго смерці ў 1927 годзе студыяй распараджалася бабуля з бацькавага боку Джудзіт Ларсдотэр, пакуль маёмасць не перайшла да дзядзькі Ульрыкі, Ёхана Паша[5]. Старэйшыя браты Ёхан Паш Малодшы, Лорэнс Паш Малодшы і стрыечная сястра Маргарэт Стахфель таксама былі мастакамі.
З дзяцінства Ульрыка валодала талентам да малявання і жывапісу. Як і брат Ларэнса, вучылася ў свайго бацькі. У 1750-х гадах, калі Ларэнс навучаўся за мяжой на стыпендыю, кар’ера бацькі-жывапісца рэзка пагоршылася, таму што ён не мог адаптавацца да папулярнага тады стылю ракако. Пасля смерці маці ў 1756 Ульрыка стала ахмістрыняй у доме ювеліра Густава Стафеля, мужа яе цёткі. Ён звярнуў увагу на талент 15-гадовай дзяўчыны і даў ёй магчымасць практыкавацца ў жывапісе. У выніку яна праз шэсць гадоў стала прафесійнай партрэтысткай і магла матэрыяльна дапамагаць бацьку і малодшай сястры Хедвіг Луізе. Пасля смерці бацькі ў 1766 Ульрыка, забраўшы да сябе сястру, адкрыла ўласную студыю[6].
Да часу вяртання брата ў Стакгольм у 1766 годзе яна ўжо больш за 10 гадоў была прафесійным мастаком і яе прэстыж як партрэтысткі быў высокі; да яе паступалі заказы як ад прадстаўнікоў заможнага сярэдняга класа, так і з арыстакратыі.
Ульрыка часта працавала з братам. Іх адносіны апісваюцца як супрацоўніцтва, заснаванае на ўзаемнай павазе і гармоніі. Яны дзялілі сваю студыю і дапамагалі адзін аднаму ў працы, а іх сястра Хедвіг Луіза вяла гаспадарку.
Пасля стварэння ў 1773 Каралеўскай Акадэміі свабодных мастацтваў яна стала першай жанчынай сярод акадэмікаў[7]. У Акадэмію яна была прынятая ў адзін дзень з братам. У Акадэміі лічылі, што яе членства больш, чым заслужана. Аднак, у адрозненне ад сваіх калегаў-мужчын, яна так і не атрымала пенсію ад каралеўскай сям’і, нягледзячы на неаднаразовыя звароты.