У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дабравольскі. Уладзімір Мікалаевіч Дабравольскі (11 жніўня (30 ліпеня) 1856, в. Краснасвяцкае, Прудкаўская воласць, Смаленскі павет, Смаленскай губерні (цяпер Пачынкаўскага раёна Смаленскай вобласці) — 7 мая 1920, Смаленская вобл.) — беларускі і рускі краязнавец, этнограф і мовазнавец.
Нарадзіўся ў сям’і чыноўніка-двараніна. У 1868—1876 гг. вучыўся ў Смаленскай гімназіі, у 1880 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам Смаленскай жаночай гімназіі, а з 1883 г. перабраўся ў свой маёнтак, збіраў этнаграфічны, фальклёрны і лінгвістычны матэрыял. З 1902 г. працаваў інспектарам народных вучылішчаў у Разанскай губерні, а ў 1906—1917 гг. — у Ельнінскім павеце Смаленскай губерні. З 1918 г. выкладаў на чырвонаармейскіх курсах у Смаленску, у Беларускім народным універсітэце ў Маскве, у Віцебскім інстытуце народнай адукацыі і Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Падтрымліваў сувязь з А. А. Шахматавым, Я. Ф. Карскім, У. І. Ламанскім, І. В. Ягічам. Трагічна загінуў на Смаленшчыне.
Краязнаўчай работай зацікавіўся яшчэ студэнтам, слухаючы лекцыі Ф. І. Буслаева, Ф. Я. Корша, У. Ф. Мілера. Выдаў «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (т. 1-4, 1891—1903)[1], напісаў шмат артыкулаў мовазнаўчага характару (пра гукаперайманні, народныя прозвішчы, пра тайныя мовы краўцоў, канавалаў, мяшчан). Яго самая каштоўная праца ў галіне мовазнаўства — «Смаленскі абласны слоўнік» (1914)[2], у якім распрацавана 16 560 артыкулаў з дыялектнымі словамі руска-беларускага пагранічча. Праца складалася на падставе матэрыялаў для «Смаленскага этнаграфічнага зборніка», таму ілюстрацыямі ў ёй служаць і ўрыўкі з апісанняў абрадаў, звычаяў, побыту.