У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Самсонаў.
Уладзімір Віктаравіч Самсонаў (нар. 17 красавіка 1976, Мінск) — беларускі гулец у настольны тэніс, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (1999).
Трохразовы пераможца Кубка свету (1999, 2001, 2009). 6-разовы чэмпіён Еўропы ў розных разрадах. 4-разовы пераможца «Еўра-Топ12» (1998, 1999, 2001, 2007). 9-разовы пераможца еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў. Станавіўся першай ракеткай свету.
Удзельнік шасці Алімпіяд. У 2016 Уладзімір Самсонаў упершыню ў сваёй кар’еры выйшаў у паўфінал Алімпіяды.
У 2017 годзе беларус выйграў Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па настольным тэнісе. Гэтая перамога не толькі прынесла яму тытул чэмпіёна, але і дазволіла стаць уладальнікам унікальнага дасягнення — Уладзімір Самсонаў першы ў свеце гулец, які выйграваў турніры сусветнай серыі на ўсіх пяці кантынентах: у Афрыцы, Амерыцы, Азіі, Еўропе і Аўстраліі[1].
Для спартсмена Алімпіяда ў Токіа магла стаць сёмай у кар’еры, але траўма не дазволіла 45-гадоваму Уладзіміру Самсонаву выступіць. 7 ліпеня 2021 года ён абвясціў пра завяршэнне сваёй прафесійнай кар’еры[2].