wd wp Пошук:

Уладзімір Аляксандравіч Калач

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Калач (значэнні). Уладзімір Аляксандравіч Калач (нар. 31 жніўня19(?)) — беларускі вакаліст і музыка, заснавальнік (разам з жонкай Надзеяй), удзельнік і менеджар фэнтэзі фолк гурта Irdorath. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія

Як удзельнік гурта Irdorath удзельнічаў ў шматлікіх музычных фэстах у розных краінах Еўропы: Wacken Open Air, WOMEX, Дикая Мята, Kilkim Žaibu, Celtic Transilvania, Festiwal Mitologii Słowiańskiej, Folkest, Na Fir Bolg, Hradecký slunovrat і іншых.

Мае трох родных братоў і сястру.

Палітычны пераслед 2020—2022

У лістападзе 2020 Уладзімір і яго жонка Надзея былі звольнены з цэнтра для дзяцей і моладзі «Вікторыя», дзе яны выкладалі традыцыйную, народную ды сярэднявечную музыку, а таксама стварылі рэпетыцыйную пляцоўку, якой карыстаўся іх гурт Irdorath. Надзея апісала сітуацыю наступным чынам: «Нас звольнілі, бо мы адкрыта удзельнічалі ў маршах, гралі ў дварах, рабілі відэа, каб падтрымаць народ. Гэта ўсё замінала нашаму цэнтру захоўваць нейтралітэт у гэтай сітуацыі. Мы ж лічым, што нейтралітэт — гэта маўклівая згода. Нас звольнілі адразу ж пасля серыі дваровых канцэртаў. Падчас апошняга канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон: кіраўніцтва бачыла нашыя выступы, у тым ліку і на плошчы Пераменаў»[2].

Уладзімір Калач быў затрыманы ўвечары 2 жніўня 2021 у Мінску на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання дня народзінаў сваёй жонкі разам з іншымі музыкамі і гасцямі свята. Агулам было затрымана 16 чалавек, дзесяць з іх пазней атрымалі суткі арышту і штрафы ў межах адміністрацыйных спраў аб непадпарадкаванні міліцыі. Шэсць чалавек, у тым ліку Уладзімір і Надзея, былі затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па сведчанні адной з прысутных на святкаванні, Аляксандры Грахоўскай, затрыманне было падобна на спецаперацыю: прысутныя сабраліся на лецішчы, дзе збіраліся адзначыць дзень народзінаў Надзеі, але перад пачаткам святкавання заўважылі людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія беглі з розных бакоў і стралялі. «Было так шмат выстралаў, што не зразумела, чаму пакуль усе жывыя» — сведчыла Аляксандра пазней. Для запісу затрымання выкарыстоўваўся дрон, здымкі з якога пасля былі паказаны МУС у тлумачальным відэа па затрыманні. Прысутных паклалі на зямлю, адабралі тэлефоны, пазней жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сама Аляксандра праз два дні атрымала штраф ў межах адміністрацыйнай справы за тое, што не адчыніла зламаную брамку, якая не была зачынена (таксама за гэта ж былі асуджаны яшчэ дзевяць чалавек)[3].

10 жніўня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, Уладзімір Калач быў прызнаны палітычным зняволенным[4].

29 верасня 2021 сімвалічным «хросным» Надзеі і Уладзіміра Калачоў стаў дэпутат Еўрапарламента Гельмут Шольц, які з гэтай нагоды зазначыў наступнае: «Я падтрымліваю Надзею і Уладзіміра Калачоў, вакалістку і дудара фолк-рок-гурта Irdorath, і заклікаю неадкладна іх вызваліць. Яны былі затрыманыя за ўдзел у групавых акцыях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за забеспячэнне музычнага суправаджэння мірных маршаў пратэсту. Неверагодны факт для трэцяга дзесяцігоддзя 21-га стагоддзя. Але гэта глыбокая рана для ўсеагульных правоў чалавека, прызнаных амаль усімі дзяржавамі свету, у тым ліку і ў Беларусі, калі выканаўцы затрымліваюцца зусім неабгрунтавана падчас рэалізацыі сваёй страсці і права на свабоду слова, выказвання меркаванняў і сходаў»[5][6].

9 снежня 2021 у судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Уладзіміра і Надзеі Калачоў. Ад пачатку справа Калачоў уключала ў сябе, у тым ліку, і «навучанне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці», але падчас следства гэтая частка была знята праз адсутнасць доказаў. Музыкаў абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове. Падставай нібыта стаў удзел музыкаў у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка 2020 года. Уладзімір на гэты конт патлумачыў наступнае: «Агрэсіі ніякай не было, атмасфера святочная, усе вакол усміхаліся. Усе разам прайшліся праспектам Незалежнасці да плошчы Перамогі, потым па Пераможцаў калона пайшла да Стэлы. Патрабаванняў і папярэджанняў аб незаконнасці акцыі не чуў, бо гучала музыка. Далей шлях быў перакрыты і людзі павярнулі ў адваротны бок. Некалькі разоў выконвалі кампазіцыю Цоя „Перамен!“, а потым разыйшліся»[7].

14 снежня 2021 суддзя Аляксандр Анатольевіч Якунчыхін вынес прысуд. Ён пагадзіўся з пазіцыяй памочніцы пракурора Вольгі Емельянчанкі і прызначыў Надзеі і Уладзіміру па два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму[8]

У пачатку лютага 2022 стала вядома аб пераводзе Уладзіміра з СІЗА-1 у СІЗА-2. 25 сакавіка 2022 Уладзіміра этапавалі ў папраўчую калонію № 3 (Віцьба).

Зноскі

  1. УЛАДЗІМІР КАЛАЧ (бел.)
  2. Музыкі Irdorath пра сваё звальненне: «Падчас апошняга дваровага канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон» (бел.)
  3. Пераслед гурта IRDORATH і іх сяброў: 12 чалавек арыштаваныя па крымінальных і адміністрацыйных справах, чатыры — аштрафаваныя (бел.)
  4. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 10 новых палітвязняў (бел.)
  5. «Уся мая салідарнасць і прызнанне з імі». У яшчэ 10 палітвязняў з’явіліся еўрапейскія «хросныя» (бел.)
  6. Members of Parliament adopt political prisoners Uladzimir and Nadzeya Kalach, Dzmitry Panko and Uladzislau Makavetski (англ.)
  7. У Мінску пачаўся суд над салістамі фолк-гурта IRDORATH Уладзімірам і Надзеяй Калачамі (бел.)
  8. Удзельнікам гурта Irdorath Уладзіміру і Надзеі Калачам — па два гады пазбаўлення волі (бел.)

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра музыкантаў без партрэтаў
Катэгорыя·Спевакі і спявачкі Беларусі
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 31 жніўня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта