Ту́ча[1] (трансліт.: Tuča, руск.: Туча) — аграгарадок у Клецкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Кухчыцкага сельсавета.
У часы Вялікага Княства Літоўскага вёска адносілася да Новагародскага ваяводства, а пасля падзелаў Рэчы Паспалітай стала ўваходзіць у склад Слуцкага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі.
На працягу стагоддзяў вёска Туча (каля Клецка) бесперапынна (да 1939) была ўладаннем старажытнага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак». Дзесьці ў пачатку 1630-х упершыню ва ўладанне роду вёскі Дунайчыцы і Туча набыў польны стражнік Вялікага Княства Літоўскага Павел Тэадоравіч Яленскі. Маёнтак Туча (разам з Дунайчыцамі, Капаткевічамі, Людзяневічамі і Лучыцамі) стаў адной з сядзіб Яленскіх, якія мелі значныя маёнткі ў Новагародскім ваяводстве і Мазырскім павеце, дзе займалі высокія земскія пасады і адосіліся да рэгіянальнай эліты.
Пасля Паўла Яленскага вёскі Туча і Дунайчыцы перайшлі да яго сына Яна Паўлавіча Яленскага, мазырскага земскага пісара, а пасля мазырскага земскага суддзі, які выбіраўся ад Мазырскага павета паслом на элекцыйныя соймы (1669, 1674) і дэпутатам (1726) у Трыбунал ВКЛ. Ад Яна вёска перайшла да яго сына Антона-Даджыбога Янавіча Яленскага, мазырскага падчашага (1702—1731), а пасля да ўнука — новагародскага кашталяна (1780—1795) Гедэона Антонавіча Яленскага (1712—1798), які пабудаваў у Дунайчыцах (побач са старым і маленькім мураваным, атрымаўшым пазней назву «кашталянка») новы драўляны атынкаваны і пакрыты гонтай класіцыстычны палац. І ў Тучы Яленскія ў канцы XVIII ст. пабудавалі пакрыты гонтай мураваны палац у стылі класіцызм з порцікам, упрыгожаным чатырма іанічнымі калонамі. Каля палаца быў разбіты парк, перад палацам быў пасаджаны газон і траўнік, а таксама пабудавана ўяздная брама з алеяй дрэў да палаца.
На працягу XIX ст. вёска належала розным прадстаўнікам роду Яленскіх.
Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) вёска апынулася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай і належала Марыяну-Казіміру Казіміравічу Яленскаму (1864—1922). Яе апошняй уладальніцай была жонка графа Андрэя Мяльжынскага — графіня Ядвіга Мяльжынская (1914—?), дачка Марыяна-Казіміра Казіміравіча Яленскага (1864—1922) і яго жонкі Марыі Кончы (1876—1941).
У 1939 вёска, як і іншая тэрыторыя паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай (Заходняя Беларусь), увайшла ў склад БССР, маёнтак быў канфіскаваны савецкай уладай.
Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Тучанскага сельсавета[2].
У Тучы захаваліся фрагменты комплексу былой сядзібы Яленскіх: сядзібны дом, вадаёмы, фрагменты парку, рэшткі гаспадарчых пабудоў i спіртзавода (апошняя чвэрць XVIII — пачатак XX ст.).
У снежні 2011 г. увесь сядзібна-паркавы комплекс Яленскіх у Тучы на аўкцыёне быў набыты італьянска-беларускай кампаніяй «Дольчэ Аўта», якая паводле дамоўленасці павінна аднавіць сядзібу ў першасным выглядзе і стварыць там турыстычны аб’ект.