Тра́бскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Трабы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Юрацішкаўскага раёна Баранавіцкай вобласці БССР. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Расцеўшчынскага сельсавета[1]. 2 снежня 1959 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Чэнавіцкага сельсавета, у склад зноў утворанага Юрацішкаўскага сельсавета перададзены населеныя пункты Асіпаўка, Бокшышкі, Грушанцы, Гумнішчы, Дунічы, Келайці, Куль-Юзэфава, Кузьмянка, Ляпешкі, Мількі, Пасека, Пойдзішкі, Пунішчы, Чашэйкі і станцыя Юрацішкі[2]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. 15 мая 1963 года да сельсавета далучана частка скасаванага Даўгердзішскага сельсавета. 28 мая 1988 года ў склад Эйгердаўскага сельсавета перададзены 9 населеных пунктаў.
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1597 чалавек[3], з іх 91,9 % — беларусы, 4,5 % — палякі, 2,3 % — рускія[4].