У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Баранаўскас. Томас Баранаўскас (літ.: Tomas Baranauskas; 12 верасня 1973, Каўнас) — літоўскі гісторык.
Скончыў гістарычны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта, абараніўшы магістэрскую працу «Утварэнне Літоўскай дзяржавы» (1998). У 1996—1998 працаваў лабарантам у аддзеле гісторыі ВКЛ, з 1998 — старэйшым лабарантам у аддзеле археалогіі Інстытута гісторыі Літвы. З 2001 член рэдкалегіі газеты «Варута» (Voruta). З 2003 — адміністратар сайта Інстытута гісторыі Літвы (www.istorija.lt).
З 1990 удзельнічае ў працы Шэймінішкельскай археалагічнай экспедыцыі Інстытута гісторыі Літвы. У 2000 выдаў манаграфію «Вытокі Літоўскай дзяржавы» (Lietuvos valstybės ištakos). Аўтар артыкулаў для энцыклапедый «Visuotinė lietuvių enciklopedija» (план. 23 т., на верас. 2008 выд. 12 т.), «Вялікае Княства Літоўскае» (у 2 т.), «The Crusades: An Encyclopedia», а таксама шэрагу навукова-папулярных артыкулаў. З 2000 аўтар сайта «Сярэднявечная Літва» (viduramziu.istorija.net) на літоўскай, англійскай, рускай, беларускай, польскай мовах. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях у Беларусі, Даніі, Латвіі і Літве.