wd wp Пошук:

Тамара Віктараўна Самахвалава

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Давыдзенка.

Тамара Віктараўна Самахвалава (у дзявоцтве — Давыдзенка; 8 чэрвеня 1975, Пінск) — беларуская вяслярка ў акадэмічным веславанні.

Выступала за зборную Беларусі па акадэмічным веславанні ў 1990-х — 2000-х гадах. Бронзавая прызёрка летніх Алімпійскіх гульняў 1996 года у Атланце, чэмпіёнка Гульняў добрай волі 1994 года, шматразовая пераможца этапаў Кубка свету, рэспубліканскіх і маладзёжных рэгат. На спаборніцтвах прадстаўляла спартыўнае таварыства «Дынама», заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Біяграфія

Нарадзілася 8 чэрвеня 1975 года ў Пінску. Актыўна займацца акадэмічным веславаннем пачала ў 14 год, праходзіла падрыхтоўку ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву г. Пінска, пазней трэніравалася ў мінскім фізкультурна-спартыўным таварыстве «Дынама».

У асноўным складзе беларускай нацыянальнай зборнай дэбютавала ў сезоне 1993 года, калі на маладзёжным чэмпіянаце свету ў Нарвегіі заняла сёмае месца ў ворных чацвёрках, і пазней на сусветным першынстве ў Рачыцы (Чэхія) фінішавала пятай у распашных. У 1994 годзе ў ворнай васьмёрцы атрымала перамогу на Гульнях добрай волі ў Санкт-Пецярбургу, а на чэмпіянаце свету ў Індыянапалісе (ЗША) стала дзевятай у двойках і пятай у васьмёрках. У 1995 годзе на першынстве свету ў Тамперэ (Фінляндыя) выйграла бронзавы медаль у чацвёрках і паказала пяты вынік у васьмёрках.

Дзякуючы шэрагу ўдалых выступленняў удастоілася права абараняць гонар краіны на летніх Алімпійскіх гульнях 1996 года ў Атланце — у складзе каманды, куды таксама ўвайшлі вясляркі Алена Мікуліч, Марына Знак, Наталля Волчак, Наталля Стасюк, Валянціна Скрабатун, Наталля Лаўрыненка і рулявая Яраслава Паўловіч, заваявала ў праграме ворных васьмёрак бронзавы медаль, прапусціўшы наперад толькі экіпажы з Румыніі і Канады.

На розных этапах Кубка свету 1997 і 1998 гадоў Давыдзенка неаднаразова станавілася пераможцай і прызёркай, на чэмпіянаце свету ў Савоі (Францыя) ў ворных двойках прыйшла да фінішу восьмай, а ў васьмёрцы заняла 4 месца, на чэмпіянаце свету ў Кёльне (Германія) стала чацвёртай у чацвёрках і пятай у васьмёрках.

У 2004 годзе (ужо пад прозвішчам Самахвалава) выйграла бронзавы медаль на чэмпіянаце свету ў Баньолесе (Іспанія) у праграме ворных чацвёрак. У 2005 годзе на сусветным першынстве ў Кайдзу (Японія) выступала адразу ў дзвюх дысцыплінах, у двойках і васьмёрках: у першым выпадку заняла пятае месца, у другім — сёмае. У 2006 годзе на чэмпіянаце свету ў Ітане (Вялікабрытанія), у заняла чацвёртае месца ў чацвёрках і на адзінаццатае у васьмёрках. Неўзабаве пасля гэтых спаборніцтваў прыняла рашэнне завяршыць кар’еру прафесійнай спартсменкі.

Узнагароды

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Tamara Samakhvalava Праверана 8 сакавіка 2021.
  2. 1 2 Tamara Davydenko Праверана 31 студзеня 2020.
  3. Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 4 чэрвеня 1997 года № 315 «Аб прысваеннi групе спартсменаў ганаровага звання „Заслужаны майстар спорту Рэспублiкi Беларусь“»
Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Весляры (акадэмічнае веславанне) на летніх Алімпійскіх гульнях 1996 года
Катэгорыя·Спартсмены паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра спартсменаў без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 8 чэрвеня
Катэгорыя·Бронзавыя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 1996 года
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1975 годзе
Катэгорыя·Весляры (акадэмічнае веславанне) Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»