Тадэвуш Кантар (польск.: Tadeusz Kantor; 6 красавіка 1915, Велёполе-Скшыньске, Гміна Велёполе-Скшыньске — 8 снежня 1990, Кракаў) — польскі тэатральны рэжысёр, жывапісец, графік, сцэнограф.
У 1939 годзе скончыў Кракаўскую мастацкую акадэмію. У 1942—1944 гадах ва ўмовах акупацыі арганізаваў падпольны Незалежны тэатр, дзе ставіў п’есы Ю. Славацкага і С. Выспяньскага. У 1955 з групай аднадумцаў стварыў у Кракаве эксперыментальны тэатр-майстэрню «Крыка-2» (у пачатку 30-х гадоў тут дзейнічаў авангардны тэатр «Крыка»), на сцэне якога былі ажыццёўлены яго галоўныя, праслаўленыя па ўсім свеце пастаноўкі: «Памерлы клас» («Umarła klasa») (1975), «Велёполе, Велёполе» (1980), «Няхай згінуць артысты» (1985), «Я сюды ўжо ніколі не вярнуся» (1988), «Сёння мой дзень нараджэння» (пасмяротная прэм’ера 1991). У 1980 стварыў творчы архіў-музей «Крыкатэка», які па сённяшні дзень збірае, выдае і распаўсюджвае матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю рэжысёра, дзейнасцю яго тэатра.