wd wp Пошук:

Сяргей Станіслававіч Удальцоў

Сяргей Станіслававіч Удальцоў (16 лютага 1977, Масква, РСФСР, СССР) — расійскі левы палітычны дзеяч, лідэр руху «Авангард чырвонай моладзі» (АЧМ), каардынатар «Левага фронту», адзін з лідэраў пратэстнага руху ў Расіі 2011—2013 гадоў.

Біяграфія

Сяргей Удальцоў нарадзіўся 16 лютага 1977 года ў Маскве ў сям’і савецкіх вучоных і дзяржаўных служачых. Пасля школы паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі воднага транспарту. Яшчэ ў студэнцкія гады Удальцоў заняўся палітыкай. У 1997 годзе ён далучыўся да руху «Працоўная Расія», які ўзначальваў Віктар Анпілаў, пасля ўвайшоў у выканкам руху. У снежні 1999 года Удальцоў балатаваўся ў дэпутаты Дзяржаўнай Думы РФ трэцяга склікання, але ў парламент не патрапіў. У тым жа 1999 годзе Удальцоў стаў кіраўніком «Авангарда чырвонай моладзі».

У 2004 годзе Удальцоў выступіў адным з ініцыятараў стварэння «Левага фронту» — аб’яднання разрозненых палітычных рухаў левага толку з перспектывай стварэння новай левай партыі. У ходзе фарміравання да «Левага фронту» далучыліся члены АЧМ, «Працоўнай Расіі», Расійскага камуністычнага саюза моладзі, РКП-КПСС і шэрагу іншых арганізацый. На ўстаноўчым з’ездзе ў кастрычніку 2008 года ён быў абраны ў раду і выканаўчы камітэт «Левага фронту» і стаў каардынатарам яго арганізацыйнага аддзела. Акрамя яго ў кіраўніцтва «Левага фронту» ўвайшлі Ілля Панамароў, лідэр РКП-КПСС Аляксей Прыгарын, дырэктар інстытута «Калектыўнае дзеянне» і жонка дэпутата Дзяржаўнай думы Алега Шэіна Карын Клеман і кіраўнік Ісламскага камітэта Расіі Гейдар Джэмаль[1].

Шырокую вядомасць Удальцову прынесла ўдзел у пратэстным руху, які сфармаваўся пасля выбараў у Дзяржаўную думу VI склікання і адным з лідэраў якога ён быў[2]. Падчас пратэстаў, Следчы камітэт РФ ініцыяваў праверку, у рамках якой Удальцоў даў паказанні на допыце 11 кастрычніка 2012 года, 17 кастрычніка 2012 года ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа па абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Па матэрыялах справы, разгледжаных Басманным судом горада Масквы 18 кастрычніка, Удальцоў і яго прыхільнікі планавалі восенню 2012 года арганізаваць масавыя беспарадкі з удзелам 35 тысяч чалавек, для чаго арганізавалі сетку трэніровачных лагераў па краіне. Паводле інфармацыі следства, актывісты «Левага фронту» планавалі пачаць захоп улады ў Калінінградзе і планавалі прыцягнуць каля 20 мільёнаў рублёў з розных крыніц. Матэрыялы справы амаль цалкам паўтаралі звесткі, выкладзеныя ў фільме «Анатомія пратэсту — 2»[3]. 9 лютага 2013 года Басманны раённы суд змясціў палітыка пад хатні арышт[4]. 19 чэрвеня 2013 года Сяргей Удальцоў быў дастаўлены ў Следчы камітэт, дзе яму былі прад’яўлены канчатковыя абвінавачанні. Удальцову ставілася ў віну арганізацыя масавых беспарадкаў на Балотнай плошчы 6 мая 2012 года, а таксама спробы арганізаваць масавыя беспарадкі па ўсёй Расіі[5]. 9 ліпеня 2014 года Удальцоў выступіў у судзе з апошнім словам, дзе заявіў аб недаказанасці сваёй віны і аб тым, што масавых беспарадкаў 6 мая 2012 года не было. 24 ліпеня 2014 года Масгарсуд прызнаў Сяргея Удальцова вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прыгаварыў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі. Удальцоў быў узяты пад варту ў зале суда[6].

1 верасня 2014 года праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» прызнала Удальцова палітычным зняволеным[7].

Зноскі

  1. Алексей Челноков. Сытый бунт. “Грязное белье” оппозиции. — М., 2012. — 288 с. — ISBN 978-5-9955-0463-4.
  2. Біяграфія і палітычныя погляды Сяргея Удальцова — Свабодная Прэса — Адукацыя, кар’ера і асабістае жыццё Сяргея Удальцова — Свабодная Прэса
  3. Удальцоў, Сяргей. Лентапедыя
  4. BBC. Сергея Удальцова посадили под домашний арест(руск.)  (9 лютага 2013).
  5. Радио Свобода. Удальцов и Развозжаев начинают знакомиться с делом(руск.) .
  6. BBC. Удальцов и Развозжаев приговорены к 4,5 годам колонии(руск.) .
  7. «Мемориал» считает левого оппозиционнера Сергея Удальцова политзаключённым
Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Маскве
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1977 годзе
Катэгорыя·Вязні сумлення
Катэгорыя·Палітыкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 лютага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Камуністы Расіі