У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Костычаў.
Сяргей Паўлавіч Костычаў (26 красавіка [8 траўня] 1877, Санкт-Пецярбург — 21 жніўня 1931, Алушта (Крым)) — расійскі і савецкі фізіёлаг, біяхімік і анатам раслін, мікрабіёлаг. Акадэмік Расійскай Акадэміі навук (1923).
У 1900 годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (аддзяленне прыродазнаўчых навук) і быў пакінуты для падрыхтоўкі да прафесарскага звання.
У 1901—1903 гадах стажыраваўся ў Цюрыху і Гейдэльбергу ў найбуйнейшых біяхімікаў тых гадоў — Э. Шульцэ і А. Кеселя. Пасля вяртання прызначаны асістэнтам пры кафедры батанікі Ваенна-медыцынскай акадэміі, але працягнуў навуковую працу на кафедры фізіялогіі і анатоміі раслін Пецярбургскага ўніверсітэта.
Тэмы дысертацый: магістарскай — «Даследаванні над анаэробным дыханнем раслін» (1907), доктарскай — «Фізіёлага-хімічныя даследаванні над дыханнем раслін» (1911). У іх вылучыў сваю тэорыю дыхання, давёўшы цесную сувязь паміж анаэробным і нармальным (кіслародным або аэробным) дыханнем у раслін. Паказаў, што спіртовае закісанне не з’яўляецца першай фазай дыхання (як лічылі да яго работ), але абодва гэтыя працэсы звязаны агульнымі прамежкавымі прадуктамі ператварэння вугляводаў.
Навуковыя даследаванні Костычаў спалучаў з педагагічнай працай. У 1907 годзе ён стаў прыват-дацэнтам Пецярбургскага ўніверсітэта (1907), а ў 1910 годзе абраны прафесарам батанікі і мікрабіялогіі ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце і на Вышэйшых жаночых курсах. З 1916 года загадчык кафедры фізіялогіі і анатоміі раслін Пецярбургскага ўніверсітэта.
З 1918 годзе кансультант аддзела бактэрыялогіі Сельскагаспадарчага Вучонага камітэта. Пасля яго пераўтварэння ў Дзяржаўны інстытут доследнай аграноміі загадваў аддзелам мікрабіялогіі. Пасля рэарганізацыі аддзела ва Усесаюзны інстытут сельскагаспадарчай мікрабіялогіі УАСГНІЛ (1930) прызначаны яго дырэктарам.
2 снежня 1922 года быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук па аддзяленні фізіка-матэматычных навук (разрад біялагічны).
Акадэмік па аддзяленні фізіка-матэматычных навук (батаніка) — з 6 кастрычніка 1923 года.